top of page

Гісторыя горада

СТАРАЖЫТНЫ ЧАС

Тэрыторыя нашага раёна была заселена чалавекам з часоў палiалiту i мезалiту. У бронзавым стагоддзi тут жылi плямёны палескай групы лужыцкай культуры, у жалезнае стагоддзе – зарубiнскай культуры. У другой палавiне першага на тэрыторыi раёна жылi славянскiя плямёны драговiчаў, тысячагоддзя драўлян i валынян. Яны сялiлiся ва ўмацаваных месцах – гарадзiшчах, размешчаных на ўзвышаных участках уздоуж рэчак i па берагах азёраў.

Знойдзеныя ў iх жалезныя сякеры, нажы, зерне пшанiцы, бабоў, уцалеўшыя загоны для жывёлы сведчаць аб занятасцi старажытных людзей дамашнiмi рамествамi – земляробствам i жывелагадоўляй. Займалiся яны таксама рыбалоўствам, паляваннем, бортнiцтвам. Жыллём у летнi час служылi павецi i шалашы, а ў зiмнi – зямлянкi.

Распад першабытнаабшчыннага ладу i з’яўленне класаў садзейнiчалi ўзнiкненню дзяржаўных утварэнняў – усходне-славянскiх княстваў. З канца Х да сярэдзiны ХII стагоддзя тэрыторыя раёна ўваходзiла ў склад Турава-Пiнскага княства.

Аслабленне Кiеўскай Русi аблегчыла ўварванне на яе зямлю заваёўнiкаў. Так, тэрыторыя раёна з 1020 па 1044 гг. была пад уладай польскага князя Балеслава Храбрага. Затым яна зноў была адваявана Яраславам Мудрым.

У сярэдзiне ХII стагоддзя тэрыторыя раёна ўвайшла ва ўладаннi Ўладзіміра  Валынскага княства. Выкарыстоўваючы феадальную раздробленнасць рускiх земляў i аслабленне iх у барацьбе з прыгнятальнiкамi, лiтоўскiя князi пачалi нападаць на суседнiя рускiя землi. У 1164 годзе землi Маларытчыны ўвайшлi ў валоданне лiтоўскага князя Скiрмунта.

Мангольскае iга даходзiла да межаў Маларытчыны. У 1241 годзе нашы продкi былi сведкамi паходу манголаў, якiя разрабавалi i спалiлi гарады Пiнск i Брэст. З 1319 года iмi зноў авалодалi лiтоўскiя князi. Зрабiў гэта вялiкi лiтоўскi князь Гедзiмiн. Затым яны былi ўдзелам яго сына Кейстуса.

Больш высокая культура i эканомiка нашых продкаў аказвала моцны ўплыў на Лiтву. Польшча i Лiтва iмкнулiся захапiць адзiн у аднаго рускiя землi. У 1348 годзе землямi раёна валодаў польскi кароль Казiмiр III, але хутка лiтоўскiя князi вярнулi iх. Здарылася гэта ў 1366 годзе. Нападалi на iх i тэўтонскiя рыцары.

У пiсьмовых крынiцах амаль адсутнiчаюць звесткi, якiя датычацца непасрэдна Маларытчыны ХIV – першай паловы ХVI ст. З матэрыялаў рэвiзii Берасцейскага павета за 1566 г. вядома, што ў склад Берасцейскага павета ўваходзiла ўся тэрыторыя сучаснай Маларытчыны.

У ХIV-ХVI ст. тут паспяхова развiвалася гаспадарка. Рост насельнiцтва, вiдаць, адбываўся не толькi ў вынiку натуральнага прыросту, але i дзякуючы перасяленню з iншых мясцiн. Спрыяла гаспадарчаму развiццю Маларытчыны адсутнасць тут ваенных дзеянняў.

У гэтым годзе з’явiлася пасяленне нашых продкаў, якое дало пачатак заснаванню сённяшняга горада Маларыта. Ён уваходзiў тады ў склад Брэсцкага ваяводства Рэчы Паспалiтай, якая была створана пасля заключэння ў 1569 годзе памiж Польшчай i Лiтвой Люблiнскай унii. У сяле было 59 гаспадарак, i жыхары яго займалiся хлебаробствам i ляснымi промысламi. Ад ранiцы да вечара працавалi людзi на зямлi. У святочныя днi цягуча гудзеў звон маленькай царквы, склiкаючы аратых на маленне.

Па рэвiзыi Брэсцкага стараства Ляхавецкага войтаўства Палескай воласцi (цэнтр воласцi  Дывiн) гаварылася, што «…сяло Рыта Малая-каралеўскае ў 1566 годзе мела 36 зямельных надзелаў, праваслаўную царкву, 59 прадстаунiкоў асобных сем' яў».

Iшлi гады, сяло расло, засялялася сялянамi з вёсак Збураж, Олтуш i Радзеж.

На працягу некалькiх стагоддзяў тэрыторыя раёна неаднаразова перакройвалася. На змену адной форме эксплуатацыi прыходзiла другая. Гэта быў цяжкi перыяд у гiсторыi Маларытчыны. Жыхары Маларыты разам з беларускiм i украiнскiм народамi вялi барацьбу супраць 200-гадовай кабалы польскiх феадалаў. У ХVI-ХVII стагоддзях пад кiраўнiцтвам С.Налiвайкi i Б.Хмяльнiцкага сяляне ўдзельнiчалi ў паўстаннях супраць феадальна-каталiчнага прыгнёту. На тэрыторыi нашага раёна праходзiлi баi памiж войскамi Пятра I i шведскага караля Карла ХII. У перыяд напалеонаўскага нашэсця маларытчане вялi актыўную партызанскую барацьбу супраць французскiх захопнiкаў.

У 1768-1890 гг. ва урочышчы Рудня каля в.Маларыта Брэсцкага павета дзейнiчала Маларыцкая металаапрацоўчая мануфактура - адна з першых на Беларусi металургiчных i металаапрацоўчых мануфактур, якая выпускала катлы, малаткi, кувалды, лемяшы, калесныя восi, кухонныя прыборы. У 1776-1780 гг. з 180 чал. -  130 былi падсобнымi рабочымi, якiя таксама працавалi бясплатна, у залiк паншчыны, яны выплаўлялi 18 тыс. пудоў жалеза за год, асноўныя рабочыя атрымлiвалi зарплату. Большая частка прадукцыi збывалася памешчыкам, кавалям i рамеснiкам. На тэрыторыi мануфактуры дзейнiчалi медны завод па выпуску катлоў для вiнакурэння, два вадзяныя рухавiкi, лесапiлка, валюшня i гарбарня.

У 1795 годзе, у вынiку 3-га раздзелу Рэчы Паспалiтай, Маларыта ўвайшла ў састаў Расii i знаходзiлася ў Брэсцкiм павеце Слонiмскай,  з 1797 года – Лiтоўскай, а з 1801 – Гродзенскай губернii.

У Айчынную вайну 1812 г. баявыя дзеяннi на тэрыторыi Маларытчыны не адбывалiся. Рускiя войскi праходзiлi праз тэрыторыю Маларытчыны. У перыяд наступлення армii М.I Кутузава па гэтых месцах рухалiся войскi пад камандаваннем П.В.Чычагава.

Адмена прыгоннага права ў 1861 годзе не палепшыла iх становiшча, беднасць i бяспраўе заставалiся пастаяннымi сялянскiмi спадарожнiкамi. З дэспатызмам, бяспраўем i беззямельнасцю сяляне не маглi мiрыцца. Народнае паўстанне 1863 года на чале з рэвалюцыянерам-дэмакратам Кастусём Калiноўскiм знайшло сваiх прыхiльнiкаў i сярод маларытчан. Асобныя сяляне прымалi непасрэдны ўдзел у паўстаннi. Беднасць, голад, здзекаваннi памешчыкаў i мясцовых улад прыводзiлi сялян да частых хваляванняў, да арганiзаванага i неарганiзаванага супрацiўлення.

У 1878 гаду была закончана пабудова чыгункi Брэст – Ковель, пачатай у 1877 г. Чыгунка была пабудавана з мэтай перавозкi войск да паўдневай гранiцы праз Кiеў.

Маларыта заставалася невялiкiм пасяленнем. Толькi ў 1888 г. была выкладзена каменная шаша па вул. Кобрын-Владава, а па другой вулiцы (цяпер Чырвонаармейская) – у 1937 г.

У рэлiгiйных адносiнах мястэчка Маларыта была ў асноўным праваслаўным рэгiенам. У другой палове ХIХ ст. была пабудавана драўляная Мiкалаеўская царква.

У 1862 годзе ў Маларыце было адкрыта народнае вучылiшча. Яго наведвалi 32 хлопчыкi i 4 дзяўчынкi. Курс навучання быў разлiчаны на тры гады. У вучылiшча прымалiся дзецi, якiм споўнiлася 8 гадоў. Кожны клас размяшчаўся ў сваiм памяшканнi, хлопчыкi асобна ад дзяўчынак.

Пры панскай уладзе на тэрыторыi раёна было крыху больш 10 пачатковых школ. У iх займалася меншая частка сялянскiх дзяцей, розныя абмежаваннi рабiлi школу для большасцi дзяцей сялян недаступнай. У 4-х класнай школе ў Маларыце, у 1923-1924 навучальным годзе, налiчваўся 91 вучань. Навучанне вялося выключна на польскай мове.

Працавалi дзве лесапiльнi, шпалапрапiтны, цагляны заводы, млын. Лесапiльны завод у 1901 г. належаў мешчанiну С.Ш. Кагану, меў 18 наёмных рабочых.

З 1907 г. ўладальнiкам завода быў М.Л. Апатоўскi, загадчыкам М.I. Гамер. У 1912 г. тут працавала 19 рабочых, гадавы зварот дасягаў 11 тысяч рублеў.

На азёрах Олтушскiм, Арэхаўскiм i Лукаўскiм развiваўся рыбалоўны промысел. Адна з гаспадарак – карпавы завод Чычэрына ў маёнтку Карч каля в. Маларыта. Яўрэй-перакупшчык за дробную i белую рыбу плацiў 1 руб. за пуд, за буйную – 3-4 руб.

У Маларыце была таксама тытунёвая лаўка мяшчанкi Генi Беркавай Алерганi. Яна гандлявала нюхальным тытунём з Беластока, махоркай з Крэмянчуга, папяросамi – з  Пецярбурга.

У пачатку ХХ ст. ў Маларыце, цэнтры Маларыцкай воласцi, налiчвалася крыху больш 200 двароў, пражывала 1275 жыхароў.

Буйнейшымi прадпрыемствамi ў Маларыце ў той час былi лесапiльныя заводы Гаммера, Барнгольца i Аллергарта. На гэтых заводах выраблялi фанеру, дошкi i iншыя будаўнiчыя матэрыялы. У час пажару у 1909 г. ад паравознай iскры завод Барнгольца згарэў. Завод Гаммера па вырабу фанеры працаваў да 1939 г.

Спрадвечны мiрны ўклад жыцця насельнiцтва краю быў парушаны ў жнiўнi 1914 г. пачаткам першай iмперыялiстычнай вайны. Многiя сяляне i местачкоўцы былi прызваны ў дзеючую армiю i ваявалi на фронце, тыя, што заставалiся, жылi ў пастаяннай трывозе за заўтрашнi дзень. Усе больш мiрных жыхароў выязджалi з родных мясцiн, хоць фронт быу пакуль далёка.

Завяршэнне будаўнiцтва чыгункi Брэст-Ковель i дарогi Кобрын-Уладава спрыяльна адбiлася на развiццi паселка.

На асаблiвым улiку ў той неспакойны час былi лекi i медыцынскiя матэрыялы. Мiж тым некаторыя аптэкары прадавалi iх насельнiцтву.

8 верасня 1915 г. кайзераўскiя войскi занялi Брэст. Праз некалькi дзён нямецкiя  захопнiкi з’явiлiся ў Маларыце. Пры наблiжэннi фронту многiя жыхары Маларытчыны кiдалi абжытыя месцы i выязджалi ў глыбiню Расii, галоўным чынам у Казанскую, Яраслаўскую, Варонежскую, Тамбоўскую i iншыя губернii, некаторыя апынулiся нават у Сiбiры. У бежанцах знаходзiлася, у некаторых выпадках, большая частка мясцовага насельнiцтва. У Маларыце, як i ў астатнiх валасных цэнтрах, створана нямецкая камендатура, камендант быў паўнапраўным гаспадаром воласцi. Ён выдаваў загады на выкананне работ, розныя пастаўкi для патрэб нямецкай армii, распараджаўся зямлёй, а нярэдка, i жыццём сялян. Без дазволу мясцовых улад забараняўся збор ураджаю, лоўля рыбы, высечка лесу.

ГАРТАЮЧЫ ЖЫЦЦЯ СТАРОНКІ
(1917 – 1939 гг.).

У перыяд першай сусветнай вайны, рэвалюцыйных падзей 1917 года маларытчане аказалiся ў вiры важнейшых ваенна-палiтычных падзей.

Значная частка грамадзян цэлымi сем’ямi пераехала ў глыб краiны. Многiя мужчыны былi прызваны ў дзеючую армiю i змагалiся супраць кайзераўскiх войск. Жыхары раёна аказвалi актыўнае супрацiўленне нямецкаму акупацыйнаму рэжыму, перашкаджалi канфiскацыi i вывазцы ў Германiю жывёлы, сельскагаспадарчай прадукцыi. Створаныя партызанскiя групы вялi баявыя дзеяннi.

У сiлу гiстарычных падзей з канца 1918 года тэрыторыя раёна была занята белапольскiмi акупантамi i белагвардзейскiмi часцямi.

5 лютага 1919 г. падпiсана германа-польская дамоўленасць, па якой нямецкая армiя абавязвалася не дапусцiць Чырвоную Армiю ў заходнiя раёны Беларусi i Ўкраiны, у тым лiку i на тэрыторыю Палескай губернii, а ў выпадку адступлення перадаць яе Польшчы. Дзякуючы гэтаму пагадненню, польскiя войскi занялi Брэст, 9 лютага увайшлi ў Маларыту i Кобрын… Нямецкая акупацыя змянiлася не менш жорсткай i антынароднай польскай. Пiлсудчыкi аб’явiлi пачатак барацьбы з “бальшавiцкiм нашэсцем”.

Да 8 жнiўня 1920 г. ўся тэрыторыя сучаснага раёна была ачышчана ад палякаў. Тады ж у Маларыце палiтаддзелам 57-ай стралковай дывiзii быў арганiзаваны валасны рэвалюцыйны камiтэт. Людзi старэйшага пакалення ўспамiнаюць, што тады ў Маларыце штодзенна праводзiлiся мiтынгi, на якiх выступалi члены рэўкома, камандзiры i байцы Чырвонай Армii. Яны iнфармавалi маларытчан пра палажэнне на франтах, падзеi ў краiне, а таксама вырашалiся гаспадарчыя пытаннi.

Працоўныя заходняй часткi Беларусi, якая адыйшла па Парыжскаму дагавору 1921 года да буржуазна-памешчыцкай Польшчы, знаходзiлiся пад сацыяльным i нацыянальным прыгнетам, жылi ў цяжкiх умовах. Насельнiцтва – 1791 чалавек - жыло ў хатах, пакрытых саломай, хадзiла па вулiцах, патанаючых у непралазнай гразi i ледзь асвятляючыхся пяццю газавымi лiхтарамi.

Ва ўсей Маларыце былi толькi тры цагляныя дамы: пошта, гарадскi суд, палiцэйскi ўчастак. Нi клубаў, нi бiблiятэк, нi кiно ў паселку не было. Дзейнiчалi дзве царквы: праваслаўная, валодаўшая 84 дзесяцiнамi зямлi, i каталiчны касцел, пабудаваны ў 1924 годзе. Пакупнiцкая здольнасць сялян была вельмi нiзкай, яны вымушаны звяртацца да натуральнай гаспадаркi – дамашняга ткацтва, вытворчасцi глiнянага посуду i г.д. Людзi хадзiлi ў лапцях, нiжняя i верхняя вопратка была даматканай. Яшчэ ў жнiўнi 1920 года, калi тэрыторыя Заходняй Беларусi вызвалялася Чырвонай Армiяй ад белапалякаў, стваралiся першыя органы Савецкай улады - рэўкомы. У Маларыце ў адным з будынкаў на вуглу цяперашнiх вулiц Ленiна i Вакзальнай размяшчаўся першы рэвалюцыйны камiтэт, у састаў якога ўваходзiлi перадавыя прадстаўнiкi насельнiцтва пасёлка. Летам 1921 года ў Маларыце быў створаны падраённы камiтэт Камунiстычнай партыi Заходняй Беларусi. Арганiзатарамi яго былi Трус Захар i Дубовiк Сямён (псеўданiм Андрэй).

Брэсцкая вобласць, якая называлася ў той час Палескiм ваяводствам, уваходзiла ў склад заходняй Беларусi. Палескае ваяводства дзялiлася на рад паветаў. У склад Брэсцкага павета ўваходзiла Маларыцкая гмiна з цэнтрам у паселку Маларыта. Да гмiны адносiлiся вескi: Замшаны, Збураж, Ляхаўцы, Мельнiкi, Асавая i калонii Карч i Янувак. У калонii Карч пражывала 343 чалавека, Янувак – 572.

Вясной 1923 года падрайкомы аб’ядналiся ў раенны камiтэт Кампартыi Заходняй Беларусi, у сферу ўплыву якога ўваходзiла 15 весак. Падпарадкоўваўся райком Брэсцкаму акруговаму камiтэту КПЗБ. У чэрвенi 1925 года пры РК КПЗБ быў арганiзаваны раенны камiтэт Камунiстычнага Саюза Моладзi Заходняй Беларусi. У Маларыце дзейнiчала камсамольская ячэйка, сакратаром якой быў Павел Вашчанюк. Восенню 1925 года быў створаны падрайком КСМЗБ, у склад якога ўваходзiлi сакратар, тэхнiк i казначэй. Падрайкому падпарадкавалiся 4 ячэйкi. Сакратаром адной з ячэек у Маларыце быў Давiд Цымерман.

У чэрвенi 1924 года адбылася першая партыйная канферэнцыя. Дэлегаты амаль усiх ячэек сабралiся ў лесе памiж Маларытай i в.Замшаны. На гэтай канферэнцыi прысутнiчала прадстаўнiца акруговага камiтэта КПЗБ Алена Шэрман. Яны абмяркоўвалi пытаннi арганiзацыi i правядзення рэвалюцыйнай работы. Рэвалюцыйная барацьба рабочага класа Заходняй Беларусi аказвала ўплыў на беларускiх сялян. Стойкiя, смелыя i моцныя духам камунiсты i камсамольцы вялi за сабой працоўных на барацьбу за вызваленне ад улады памешчыкаў i капiталiстаў,  за ўз'яднанне з БССР да кансалiдацыi беларускай нацыi ў адзiнай дзяржаве.

Паселак Маларыта мала чым адрознiваўся ад вёскi. Тыя ж хаты, крытыя саломай, тыя ж пыльныя вулiцы, якiя ледзь асвятлялiся газавымi лiхтарамi. Толькi пошта, гарадскi суд i палiцэйскi ўчастак вылучалiся на агульным непрыглядным фоне. Насельнiцтва Маларыцкай гмiны працавала на лесапiльных заводах, займалася сельскай гаспадаркай i гандлем.

У Маларыцкай гмiне дзейнiчала фанерная фабрыка Гаммера, адкрытая ў 1931 годзе, тры лесапiльныя заводы ўладальнiкаў Барнгольца i Карэнбаўма, Герцлiха i Аллергарта, Апатоўскага Моўшы-Лейбы Iцкавiча (заснаваны ў 1907 г., паравы рухавiк у 25 кон. сiл), маслазавод прадпрымальнiка Тэненбаўма. Гамер i Герцлiх мелi таксама млын. На адной з лесапiлак дзейнiчала электраустаноўка, энергiю якой выкарыстоўвалi некаторыя жыхары Маларыты, яна ж давала электрычнасць ва установы мястэчка.

Колькасць рабочых на прадпрыемствах залежыла ад наяўнасцi сыравiны. На фанернай фабрыцы Гамера было iх ад 23 да 84. Аддзяленнi фабрыкi знаходзiлiся ў Варшаве, Кракаве, Быдгошчы, Грундэндзе i Львове. Якасць фанеры была выдатнай, не менш чацвёртай часткi яе вывозiлася на экспарт у Галандыю i Палесцiну. Мужчыны атрымлiвалi за рабочы дзень ад 3,3 да 7,6 злотага, а жанчыны за гэтую ж работу атрымлiвалi ўсяго 1,3 злотага. З другiх прадпрыемстваў у гмiне былi – электрастанцыя, магутнасцю 33,3 кiлавата, якая забяспечвала электраэнергiяй Маларыту, маслабойня ўладальнiка Тэненбаўма, на якой працавала 4 рабочых, цагельныя заводы – уладальнiкаў Барэнгольца i Рудко з 4 рабочымi на кожным заводзе, паравыя мельнiцы Гаммера i Герцлiха з Аллергартам, дзе было занята па 2 рабочых. Прамысловыя прадпрыемствы падкошвалiся эканамiчным крызiсам i часта прастойвалi, а рабочыя звальнялiся. У чэрвенi 1936 года ўладальнiк фанернай фабрыкi Гаммер звольнiў 80 рабочых як бы з-за рамонту фабрыкi. Прафсаюзная арганiзацыя пачала забастоўку рабочых, якая закончылася перамогай бастуючых. Рабочыя дабiлiся таго, што iх не толькi прынялi на работу, але i павысiлi зарплату ад 3 да 5 працэнтаў.

Забастоўкi працягвалiся адна за другой кожны год. 14 студзеня 1937 г. на фанернай фабрыцы Гамера забаставалi 84 рабочыя, якiя патрабавалi павышэння заработнай платы i прыёму 11 звольненых таварышаў. Забастоўкай кiраваў прафсаюз, якi дабiўся прыёму на работу 6 звольненных. 25 студзеня баставалi 15 рабочых лесапiльнага завода Аллерганта. 22 лютага 1937 г. баставалi рабочыя ўсiх лесапiльных заводаў. Яны патрабавалi павышэння зарплаты ад 40 да 60 працэнтаў. Забастоўкi сведчылi аб нарастаннi рэвалюцыйнага ўздыму рабочага руху i расхiствалi ўстоi капiталiстычнага грамадства.

Такое становiшча i ў прамысловасцi, не лепш абстаялi справы i ў другiх галiнах. Будаўнiцтва, напрыклад, у Маларыцкай гмiне вялося слаба i зводзiлася толькi да пабудовы прыватных домiкаў. У паселку Маларыта, напрыклад, у 1924 г. налiчвалася 813 дамоў, з iх толькi тры – цагляныя. Сяляне тулiлiся ў невялiкiх хацiнках з саламянымi стрэхамi i падслепаватымi акенцамi, асвятлялiся яны звычайна лучынай. Унутранае абсталяванне складалася з стала, дзвюх-трох лавак i палацей. Пераважная большасць сялян Маларыцкай гмiны была малазямельнай. Для набыцця зямлi не хапала сродкаў, бо гектар ворыўнай зямлi каштаваў ад 300 да 500 злотых. Каб купiць гектар зямлi, селянiн павiнен быў прадаць не менш двух кароў.

У 1939 годзе ў Маларыцкай гмiне дзейнiчала пяць агульнаадукацыйных школ: у паселку Маларыта – чатырохкласная, калонiях Карч i Янувак – трохкласная. У школах навучанне вялося  толькi на польскай мове.

Слаба задавальнялiся патрэбы працоўных у вобласцi аховы здароўя. Захворваннi i смяротнасць сярод насельнiцтва былi вельмi высокiя. Антысанiтарны стан населенных пунктаў прыводзiў да частых захворванняў  трахомай i брушным тыфам. У 1934 годзе ў Маларыце было зарэгiстрыравана 22 выпадкi трахомы. Усе насельнiцтва гмiны абслугоўвалася дзвюма грамадскiмi лазнямi. У паселку па Палiцэйскай вулiцы размяшчалася амбулаторыя, якая абслугоўвалася ўрачом i акушэркай. У амбулаторыi дзейнiчала туберкулёзная, трахоматозная, венералагiчныя аддзяленнi i станцыя апекi над мацi i дзiцём. За лячэнне ўнутраных хвароб бралася 4 злотых у суткi, а хiрургiчных – 3 злотых 80 грошай. У наваколлi Маларыты размясцiўся санаторый для туберкулёзных хворых на 60 ложкаў, якi утрымлiваўся Варшаўскiм супрацьтуберкулёзным таварыствам. Медперсанал складаўся з двух урачоў i трох сясцёр. За лячэнне бралася 7 злотых у суткi. Хворыя лячылiся ў санаторыi да 80 дзен. I за гэты час плата за лячэнне набягала да 600 злотых, што складала кошт трох кароў або двух гектараў зямлi. На ўсю гмiну дзейнiчала толькi адна аптэка, штат якой складаўся з аднаго чалавека.

Не улiчвалiся i духоўныя попыты насельнiцтва. У Маларыцкай гмiне не было нi кiнатэатраў, нi народных дамоў. Бiблiятэкi дзейнiчалi толькi пры грамадскiх арганiзацыях: таварыстве аб’яднання яўрэйскiх школ i другiх. Колькасць кнiг у iх была ад 500 да 1000 тамоў. Культурна-асветнiцкая работа зводзiлася да прымусовага апалячвання мясцовага насельнiцтва праз усе магчымыя шляхi i сродкi. Было дзве бiблiятэкi, адна з якiх на польскай мове. Другая бiблiятэка, у якой налiчвалася каля 500 кнiг, была заснавана па iнiцыятыве Рускага народнага аб’яднання ў доме рабочага чыгункi Мiкалая Кубаеўскага. Кнiгi набывалi за кошт аматарскiх прадстаўленняў, продажу латарэйных бiлетаў, а таксама ахвяраванняў жыхароў Маларыты. Галоўным пастаўшчыком кнiг было Рыжскае кнiжнае выдавецтва. Кнiгi са штэмпелем “Бiблiятэка рускага народнага аб’яднання ў Маларыце” перададзены ў 1979 г. Брэсцкаму краязнаўчаму музею. У Маларыце была таксама нелегальная асабiстая бiблiятэка з кнiг на украiнскай мове ў Васiля Рудзiцкага, якой карысталiся многiя жыхары горада i раёна. 

Кiнатэатры дзейнiчалi толькi ў Брэсце. Па мястэчках i вёсках зрэдку раз’язджала перасоўная кiнаўстаноўка. Звычайнае правядзенне часу моладзi i дарослых – вячоркi з танцамi, песнямi i гульнямi, асаблiва ў зiмовы час, у днi рэлiгiйных свят. Значная частка моладзi была ўцягнута ў царкоўны хор. Пры пажарнай камандзе быў створаны духавы аркестр.

Вялiкi поспех мелi аматарскiя спектаклi. Ставiлi п’есы Чэхава, Гогаля, Астроўскага i iншых рускiх класiкаў. Мясцовыя ўлады забаранялi iх пастаноўку, даводзiлася ездзiць у Брэст за дазволам. Расходы на камунальную гаспадарку, дарожнае будаўнiцтва, утрыманне школ i бальнiц бралiся з падаткаў, якiмi абкладалася насельнiцтва. У 1931 годзе на аднаго плацельшчыка прыпадалi наступныя падаткi: зямельны – 4,75 злотых, прамысловы – 8,85 злотых, ад нерухомай маемасцi – 16,79 злотых, надбаўкi да дзяржаўных падаткаў 2,44 злотых i ўраўняльны падатак 15,9 злотых. Усяго бралася з насельнiцтва 70,780 злотых падаткаў. Падаткi ўсей сваей цяжкасцю клалiся на плечы працоўных. Самыя высокiя з iх падалi на сялянскiя гаспадаркi з зямельнай плошчай да 5 гектараў.

За кошт насельнiцтва аднаўлялiся i будавалiся дарогi, масты, асушалiся балоты. Для гэтага сяляне выконвалi цяжкую працу – гужавую павiннасць (шарваркi). У 1937 годзе, напрыклад, сяляне павiнны былi адпрацаваць на шарварках 17000 дзен.

Цяжка уявiць, што на месцы вулiц Пiянерскай i Камсамольскай, СПТВ №11, сярэдняй школы №2 калiсьцi рос густы арэшнiк i людзi збiралi арэхi. Адна паляна ў лесе, дзе зараз знаходзiцца вул. Кастрычнiцкая i прылягаючая да яе мясцовасць, была любiмым месцам мядзведзей. Гэта месца атрымала назву Медзведка i захавалася да нашых дзен.

29 кастрычнiка народны сход Заходняй Беларусi прыняў Дэкларацыю аб Савецкай уладзе i Зварот с просьбай аб уключэннi Заходняй Беларусi ў састаў БССР. 12 лiстапада 1939 года Пазачарговая сесiя Вярхоўнага Савета БССР пастанавiла прыняць Заходнюю Беларусь у састаў БССР i аб’яднаць беларускi народ у адзiную беларускую дзяржаву. У Заходняй Беларусi было   уведзена новае адмiнiстрацыйна – тэрытарыяльнае дзяленне. Замест паветаў былi створаны раены. Маларыцкi раён  увайшоў у састаў Брэсцкай вобласцi. 15 студзеня 1940 года ўпершыню на вызваленай тэрыторыi адбылiся выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў працоўных. У Маларыце былi створаны раенны выканаўчы камiтэт i райком партыi. У тым жа годзе  працавалi фанерны i два лесапiльныя заводы, электрастанцыя, закончаны рамонт вапнавага i цаглянага заводаў, створана прамарцель па вырабу мэблi, створана раённае спажывецкае таварыства, адкрыты магазiны.

У канцы 1939 года быў адкрыты раймаслапром, якi размясцiўся ў былым будынку малаказавода, пабудаваным у 1929 годзе. Малака паступала нямнога, пастаўшчыкамi былi, у асноўным, сяляне-аднаасобнiкi. Абсталяванне прыводзiлася ў дзеянне ўручную.

Для аказання дапамогi ва уздыме сельскай гаспадаркi ў раён накiроўвалiся спецыялiсты з усiх раёнаў Беларусi. У 1940 г. створаны зямельны аддзел (райза) райвыканкома, якi фармiраваў аграрную палiтыку ў раёне. Сюды па розных пытаннях прыходзiлi наведвальнiкi з вёсак i хутароў. З успамiнаў Э.I.Гумоўскай: «Мяне накiравалi ў Маларыцкi раён у сакавiку 1940 года на пасаду галоўнага агранома райза. У спецыялiстаў заўседы было шмат наведвальнiкаў з просьбамi дапамагчы атрымаць крэдыт на пакупку каня, каровы, лесу. Сяляне жылi бедна, часцей у хатах з глiнабiтнай падлогай. Вяскоўцы апраналiся ў саматканае грубае адзенне, хадзiлi басанож цi ў лапцях. Мужчыны летам насiлi белыя палатняныя штаны i доўгiя кашулi, падпяразаныя вяроўкай. Большасць насельнiцтва была непiсьменнай, некаторыя закончылi 1-2, самае бальшое - 3-4 класы польскай школы. Кiраўнiкi калгасаў таксама мелi нiзкую адукацыю. Даводзiлася вучыць брыгадзiраў, як абмераць плошчу, налiчыць працадзень…»

Пачынаючы з 1940 года актывiзавалася работа па калектывiзацыi сельскай гаспадаркi. У 1940 годзе для аказання iм тэхнiчнай дапамогi ў раёне была створана машынна – трактарная станцыя, адкрыта тэлефонная станцыя на 30 нумароў.

14 снежня 1939 года бюро Брэсцкага абкома КП(б)Б прыняло пастанову, у якой адзначалася, што школы вобласцi аб'яўляюцца дзяржаўнымi, бясплатнымi, большасць з iх павiнна быць беларускiмi. Пытанням вывучэння роднай мовы надавалася самая сур'езная ўвага.

У 1940 годзе на базе туберкулёзнага дыспансэра была арганiзавана раённая бальнiца. Галоўным урачом быў назначаны Iльiн Сцяпан Трафiмавiч. Урачом працавала Кантароўская Наталля Мiхайлаўна. Вялiкая работа праводзiлася па лiквiдацыi iнфекцыйных захворванняў. Калi пачалася Вялiкая Айчынная вайна тэрыторыю раёна акупiравалi фашысты. Iльiн С.Т. i Кантароўская Н.М. пайшлi ў партызанскi атрад.

У 1939-1941 гг. адкрывалiся новыя арганiзацыi i ўстановы, як адшчадкаса ў райцэнтры i агенствы ў вёсках i  адзяленне мiлiцыi.

У ПОЛЫМІ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ...

Вераломнае нападзенне гiтлераўскай Германii на нашу краiну перапынiла мiрную працу савецкiх людзей.

Маларыцкая зямля стала арэнай жорсткай барацьбы з нямецка-фашысцкiмi захопнiкамi. Арганiзаваны адпор гiтлераўцам прывеў да зацяжных баёў. Палкi i падраздзяленнi 75-й стралковай дывiзii вялi баявыя дзеяннi па ўсёй трасе Брадзяцiн – Маларыта – Ляхаўцы – Макраны. Умелыя дзеяннi камандавання ў гэтай складанай абстаноўцы, выключная храбрасць байцоў i камандзiраў часова спынiлi наступленне ворага.

Камандаваў дывiзiяй генарал Нядвiгiн Сцяпан Iванавiч, зампалiтам быў Iван Сцяпанавiч Ткачэнка, штаб дывiзii ўзначальваў Якаў Андрэевiч Мартыненка. Згубiўшы сувязь з вышэйшым камандаваннем i з суседнiмi дывiзiямi, 76-я дывiзiя мужна стрымлiвала ворага на працягу тыдня. Некаторыя газеты потым называлi гэту дывiзiю «другой Брэсцкай крэпасцю».

Нягледзячы на страшэнны нацiск фашыстаў, пад Маларытай працягвалiся ўпартыя баi яшчэ да першых дзён лiпеня. Гэта змагалiся падраздзяленнi, якiя прыкрывалi адыход асноўных сiл дывiзii. Пазней некаторыя з падраздзяленняў дывiзii прарвалiся да сваiх асноўных сiл, а iншыя перагрупiравалiся i працягвалi барацьбу з гiтлераўцамi ў тыле ворага да светлага дня вызвалення.

Невялiкiя разрозненыя антыфашысцкiя групы дзейнiчалi на Маларытчыне ужо ў 1941 годзе. 3 лютага быў створаны антыфашысцкi камiтэт, якi займаўся арганiзацыйнай работай, згуртоўваў асобныя групы. Ён жа паклаў пачатак стварэнню партызанскiх фармiраванняў. У 1941 годзе пачынаюць баявыя дзеяннi партызанскi атрад iмя Варашылава, брыгады iмя Ленiна, Сталiна, Флегантава, Каплуна, спецатрад iмя Дзяржынскага. Нi днем, нi ноччу партызаны не давалi спакою захопнiкам, пускалi пад адхон варожыя эшалоны, знiшчалi жывую сiлу i тэхнiку. Сотнi жыхароў раёна былi ўцягнуты ў партызанскi рух.

Азлобленыя няўдачамi ў барацьбе з партызанамi, фашысты абрушвалi нечуваныя рэпрэсii на мiрнае насельнiцтва. Акупанты расстрэльвалi людзей без суда i следства, травiлi сабакамi, закапвалi жывымi ў зямлю, спальвалi. Людзi памiралi ў турмах ад нечалавечых здзекаў i катаванняў, голаду, хвароб… Страшныя зверствы гiтлераўцы учынiлi ў нашым раёне. Нямецка-фашысцкiя каты працягвалi свае злачынствы напрацягу ўсёй акупацыi раёна. З першых дзён «новага парадку» пачалася расправа над камунiстамi, камсамольцамi i савецкiмi работнiкамi, актывiстамi i патрыётамi, сем'ямi ваеннаслужачых Чырвонай Армii i проста мiрнымi жыхарамi, якiх падазравалi ў супрацоўнiцтве або спачуваннi савецкай уладзе.

Адной з форм злачынстваў супраць чалавецтва было праследаванне, знiшчэнне яўрэйскага насельнiцтва. Расстрэлу належыў любы яўрэй незалежна ад полу, узросту цi светапогляду. Раён памiж сучаснымi вулiцамi iмя Ткачэнкi, Ленiна i Пiянерскай акупанты абнеслi калючым дротам i сагналi сюды больш двух тысяч грамадзян яўрэйскай нацыянальнасцi. Антысанiтарыя, холад, адсутнасць прадуктаў харчавання выклiкалi захворваннi, якiя прыводзiлi да вялiкай смяротнасцi людзей. Змешчаныя ў зону, яны былi аддзелены ад навакольнага свету, забаранялiся ўсялякiя зносiны з мясцовым насельнiцтвам. Нарэшце ў адзiн з чэрвенскiх дзён 1942 г. ў Маларыту прыбыла спецыяльная каманда, якая адразу прыступiла да масавых расстрэлаў мiрнага насельнiцтва i, у першую чаргу, яўрэяў гета. Месцам для правядзення пакаранняў смерцю гiтлераўскiя каты выбралi невялiкi пясчаны ўзгорак паблiзу прасёлкавай дарогi, якая вяла ад Маларыты на Гвознiцу. Людзей групамi па 15-20 чалавек падводзiлi да глыбокай ямы, загадвалi распранацца i тут жа расстрэльвалi з аўтаматаў. Параненыя разам з забiтымi падалi ў магiлу. Жанчын расстрэльвалi разам з дзецьмi на руках, многiя падалi ў яму яшчэ жывымi… У большасцi сярод расстраляных былi старыя, жанчыны i дзецi. Працаздольных мужчын немцы вывозiлi на самыя цяжкiя работы, у iншыя раёны, а потым усiх знiшчалi, назад нiхто не вярнуўся.

Праз дзень пасля масавага расстрэлу яўрэяў фашысты пачалi распраўляцца з мясцовым насельнiцтвам. У той дзень у Маларыце арыштавалi больш пяцiдзесяцi чалавек. Без усялякага следства iх адвезлi на Пяшчанку i расстралялi. Услед за тым пачалося масавае знiшчэнне мiрных жыхароў раёна.

У 1944 годзе пачаўся завяршальны этап Вялiкай Айчыннай вайны. Часцi, якiя вялi наступленнi, атрымлiвалi вялiкую дапамогу партызан i насельнiцтва Маларытчыны. Мясцовыя жыхары i партызаны ўказвалi iм варожыя засады i мiнныя палi, разбуралi чыгуначныя i шасейныя магiстралi, знiшчалi масты, выконвалi баявыя заданнi па забяспячэнню флангаў дывiзiй, знiшчалi групы працiўнiкаў у лясных масiвах.

У рады Чырвонай Армii ўлiлiся больш за 4 тысячы воiнаў, у тым лiку партызаны з расфармiраваных партызанскiх атрадаў i брыгад. У кожнага з iх была свая дарога, па якой давялося прайсцi, прапаўзцi. На многiх участках савецка-германскага фронту змагалiся з гiтлераўцамi тысячы маларытчан.

ЧАСОЎ БЫЛЫХ І НОВЫХ СУВЯЗЬ

Ваеннае лiхалецце пакінула на зямлi Маларытчыны, як i на тэрыторыi Беларусi свае разбуральныя сляды, нанесла агромнiсты эканамiчны урон, вялiкiя людскiя страты.

Як бы там нi было, а разграбаваныя i знiшчаныя сельская гаспадарка i прамысловыя прадпрыемствы мелi перспектыву аднаўлення. Толькi ж загубленыя жыццi людскiя нi пры якiх умовах, нi пры якiх стараннях нельга аднавiць. За гады акупацыi загiнулi i прапалi без вестак на франтах мiнулай вайны 1238 воiна​–землякоў. Мiрнага насельніцтва загiнула 2000 чалавек. Моцна быў разбураны раённы цэнтр. Перад адступленнем фашысты ўзарвалi i спалiлi шмат жылых дамоў i гарадскiх пабудоý, многiя аб'екты замiнiравалi.

На тэрыторыi раёна была поўнасцю разбурана чыгунка, узорваны ўсе рэйкi. Нанесены вялiкi ўрон народнай гаспадарцы i ўсяму насельнiцтву. Поўнасцю знiшчаны i разрабаваны культурна-асветнiцкiя ўстановы, сетка аховы здароўя, МТС i калгасы. 

Значныя страты панёс жыллёвы фонд. Многiм трэба было шукаць прытулак, дах над галавой. Шмат людзей жыло ў зямлянках. Многа дзяцей аказалася без бацькоў, блiзкiх i сваякоў.

У кароткi тэрмiн былi адноўлены ўсе даваенныя структуры, органы савецкай улады, арганiзацыi i прадпрыемствы. Адкрыты школы, iзбы-чытальнi, магазiны.

Пасялковы Савет па-сур'ёзнаму заняýся пытаннем добраўпарадкавання горада, старшынёй якога быў Пехцераў Васiль Мiкiтавiч. Асфальтавалiся тратуары, брукавалiся новыя вулiцы, добраўпарадкоўваўся рынак. Зданы ў эксплуатацыю гасцiнiца, лазня, цагляны двухэтажны дом. Уздоўж вулiц i ў скверах высаджана 1500 дрэў рознымi арганiзацыямi (1957г.).

Вялiкую плошчу раёна займаюць лясы. За гады вайны i пасляваеннага будаўнiцтва значная частка iх высечана. Устала законнае пытанне аб больш планамерным карыстаннi лясамi. У 1944 годзе было створана Маларыцкае ляснiцтва. Плошча яго складала 5,8 тыс. га. Кантора размяшчалася ў наёмным памяшканнi плошчай 9 м2 . Адзiным вiдам перамяшчэння па лесу быў конь. Першым ляснiчым працаваў Струнец Афанасiй Iльiч. Лесааднаýленчыя работы не вялiся. Пакрытая лесам плошча складала 40%.

На тэрыторыi ляснiцтва працавала 2 леспрамгасы: Брэсцкi i Кiеýскi. У год вырублiвалася да 30 тыс. куб. метраў драўнiны. Брэсцкi леспрамгаз пастаўляў драўнiну разбураным гарадам i сёлам нашай рэспублiкi. Кiеýскi – адпраўляў драўнiну ў разбураныя раёны i вугальныя шахты Украiны.

У 1951 – 1953гг. калектыў ляснiцтва прымаў актыўны ўдзел у аказаннi дапамогi пры стварэннi лесастэпных станцый. Тры гады запар ляснiцтва адпраўляла дзесяткi вагонаў пiламатэрыялаў (доскi, брускi) для іх пабудовы. Кожную восень нарыхтоўвалi i адпраýлялi сотнi тон жолудоў, насенне лiпы, ясеня, клёна. Адначасова аднаўлялi непакрытыя лесам плошчы. У год садзiлi 200 – 300 га. леса. Садзiлi цэнныя пароды – дуб, хвою, елкi. У 1978 годзе плошча ляснiцтва склала 9463 га.

2 лютага 1950 года ў г.п. Маларыта быў арганiзаваны калгас iмя Дзяржынскага. Першым старшынёй калгаса абрана Зiнчук Ксенiя Апанасаўна. 15 лютага 1952 года адбылося ўзбуйненне гаспадарак калгаса «Праўда» i калгаса iмя Дзяржынскага. Старшынёй калгаса абраны Пашынскi Мiхаiл Трафiмавiч. У снежнi 1962 года калгас iмя Дзяржынскага быў перайменаваны ў калгас «Радзiма». З 12 лютага 1955 года старшынёю ўзбуйненнага калгаса працаваў Сцяпан Аляксеевiч Пракапук.

У 1969 годзе калгас «Радзiма» быў ператвораны ў саўгас «Маларыцкi» Брэсцкага трэста «Нарыхтжывёлаадкорм». У снежнi 1974 года дырэктарам саўгаса «Маларыцкi» быў назначаны Яшэня Мiкалай Уладзiмiравiч. У 1981 годзе  гаспадарка спецыялiзавалася па вырошчваннi буйнай рагатай жывёлы i маладняку. Па iнiцыятыве праўлення саўгаса вырашылi поўнасцю пераабсталяваць фермы i дабiцца, калi няпоўнай, то частковай механiзацыi працаёмкiх працэсаў.

Пра жыллё ў саўгасе была размова асаблiвая. Пабудавалi i засялiлi iнтэрнат для маласямейных на 105 месцаў. Пабудаваны побач з iнтэрнатам 20-цi кватэрны сучасны дом. Пачалося будаўнiцтва стадыёна. Для паслуг маладых людзей былi адкрыты спартыўная i актавая залы, яны размясцiлiся ў новай канторы гаспадаркi.

У лiку падсобнай вытворчасцi ў 1990 годзе ўведзены невялiкi пiўзавод. Яшчэ ў першыя гады работы людзi сутыкнулiся з праблемай набыцця хмелю. Азнаёмiўшыся з вопытам вырошчвання хмелю ў гаспадарках суседняй Валынскай вобласцi, вывучыўшы глебавыя i клiматычныя ўмовы, у кiраўнiкоў гаспадаркi ўзнiкла iдэя вырошчваць гэтую культуру ў сваiм калгасе. З 1993 года вытворчасцю хмелю стала займацца СП «Бiзон». Створана сумеснае прадпрыемства: заснавальнiкамi з беларускага боку – калгас «Маларыцкi», з нямецкага – салодавы завод з г. Ландсберг.

У апошнiя гады калгас аказаўся ў цяжкiм становiшчы. З-за адсутнасцi сродкаў не будавалiся вытворчыя аб'екты, жыллё, не аднаўляўся машынна-трактарны парк, не прымянялiся ў поўнай меры хiмiчныя сродкi аховы раслiн, што прывяло да запушчэння палёў.

У 2002 годзе ў раёне пачаўся працэс рэфармавання калгасаў. Адбыўся ўстаноўчы сход у калгасе «Маларыцкi», якi прыняў рашэнне рэфармаваць гаспадарку ў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў. Старшынёй абраны Троц Аляксандр Аляксандравiч. Кожны з членаў кааператыву атрымаў пасведчанне на маёмасны пай. Разам з аднаўленнем i ўздымам сельскай гаспадаркi пачала адраджацца сiстэма народнай адукацыi. Большасць школ размяшчалася ў прыватных памяшканнях. Усеагульнае бясплатнае навучэнне, даступнасць адукацыi былi вялiкiм дасягненнем. I ўсё ж настаўнiкаў не хапала. Вялiкi паход за лiквiдацыю непiсьменнасцi пачаўся ў гарадах i вёсках. Стваралiся школы для малапiсьменных, адкрывалiся двухгадовыя вячэрнiя маладзёжныя рабочыя школы. У вячэрняй школе г.п. Маларыта займалiся людзi розных узростаў i спецыяльнасцей. Амаль кожны вечар яны прыходзiлi сюды, каб папоўнiць свае веды. З кожным годам расшыралася сетка чатырохгадовых i сямiгадовых школ. Уведзена абавязковае васьмiгадовае бясплатнае абучэнне i пераход да ўсеагульнай сярэдней адукацыi. Пры ажыццяўленнi закона аб абавязковай сярэдняй адукацыi вялiкая ўвага ўдзялялася таму, каб адукацыю атрымлiвала i працуючая моладзь. Быў выдзвiнуты лозунг пад дэвiзам «Кожнаму маладому працаўнiку – сярэднюю адукацыю». Усяго ў Маларыцкай раённай вочна-завочнай школе з 1970 года атэстаты аб сярэдняй адукацыi атрымалi 1530 чалавек, а пасведчаннi аб васьмiгадовай – 18 чалавек.

У 1944 годзе быў адкрыты для дзяцей-сiрат дзiцячы дом, у якiм знаходзiлася да 130 дзяцей. Дзецi жылi ў дамах мясцовых жыхароў па вулiцы Савецкай. Пазней было выдзелена асобнае памяшканне па вулiцы Ленiна. Старэйшаму першаму дзетдомаўцу было 12 гадоў. Узрост устанаўлiваўся прыкладна. У 1945 годзе выдзелены зямельны ўчастак для будоўлi новага дзiцячага дома па вулiцы Пiянерскай. Сваiмi сiламi загатоўвалi i вывозiлi лес. На ўчастку садзiлi агароднiну, гадавалi трусоў.

З 1953 па 1962 гады завучам у дзiцячым доме працавала Каравiкова Ганна Iванаўна, дырэктарам Iлля Мiкалаевiч Ляўковiч.

У 1962 годзе на базе дзiцячага дома створана школа-iнтэрнат, дырэктарам якога стаў Маркаў Васiль Пiлiпавiч. Быў пабудаваны двухэтажны будынак. Жылi ў iм дзецi – круглыя сiраты, дзецi з многадзетных сем'яў, а таксама з сем'яў з цяжкiмi матэрыяльнымi ўмовамi. Каля 5-цi га займала сядзiба школы-iнтэрната. Раней тут была пустка, дзецi вырашылi ператварыць яе ў парк-сад, быў аб'яўлены конкурс на лепшы яго праект, дзе прадугледжвалiся насаджэннi пладовых i дэкаратыýных дрэў, клумбы-кветнiкi.

У 1976 годзе школа-iнтэрнат рэарганiзавана ў сярэднюю школу.

16 верасня 1948 года ў г.п. Маларыта пачала працаваць вячэрняя школа рабочай моладзi. У ёй адкрылiся 4-9 класы, ў якiх навучалiся каля 100 чалавек. Заявы ад жадаючых вучыцца працягвалi паступаць.

У 1965 годзе, ў невялікім доме па вуліцы Савецкай, размясціўся філіял медыцынскага вучылішча. Загадчыцай  філіяла працавала Дудкіна Ніна Міхайлаўна і ўрач-тэрапеўт Супрунова (Дашэвiч) Марыя Фядотаўна. Навучалася ў вучылішчы 120 чалавек па прафесіі медыцынскіх сясцёр. Было два курсы – першы і другі. Шкада, што вучылішча хутка перавялі у г. Брэст.

Маларыцкая дзiцячая музычная школа пачала працаваць з 1965 года. Адкрыты класы баяна, акардэона i фартэпiяна. Працавала 5 выкладчыкаў. Першым дырэктарам працаваў Вiнаградаў Леў Паўлавiч. У пачатку 90-х гадоў навучэнцаў было болей за 230 чалавек. У школе працавала 25 выкладчыкаў. Дзецi абучалiся iгры на баяне, акардэоне, домры, цымбалах, гiтары, флейце, трубе, кларнэце, фартэпiяна, скрыпцы.

У 1979 годзе з лiку выкладчыкаў стварылi аркестр народных iнструментаў. За высокае выканаўчае майстэрства аркестру прысвоена званне «Народный самодеятельный коллектив», а калектыў аркестра узнаграроджаны Дыпломам Саюза кампазiтараў СССР, дыпломам i граматамi Упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама.

У 1994 годзе музычная школа атрымала будынак былога кааператыўнага вучылішча па вул.Савецкай.

У цяперашні час з дзецьмі працуе 27 выкладчыкаў музыкі. У школе мастацтваў займаюцца 259 вучняў, з іх – 181 вучань на музычным аддзяленні, 39 – на мастацкім і  39 – на аддзяленні харэаграфіі.

У 1968 годзе Белкаапсаюз прымае пастанову аб арганізацыі кааператыўнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча у г.п. Маларыта. Вучылішчу было перадана памяшканне былога РК КПБ і райвыканкама, якое знаходзілася на цэнтральнай плошчы. У ім размясціліся вучэбны корпус з пяццю аудэторыямі для тэарэтычных заняткаў. У канцы г.п. Маларыты было прыстасавана памяшканне пад жыллё навучэнцаў. У ім размяшчалася 120 чалавек. Кантынгент навучэнцаў складаў больш за 100 чалавек i працавала звыш 15 выкладчыкаў. Вучылiшча рыхтавала прадаўцоў прадуктовых i непрадуктовых тавараў. У 1980 годзе быў пастроены новы жыллёвы корпус для навучэнцаў.

Першы дырэктар вучылішча – Ганна Васільеўна Кудзінава. У 1976-1994 гг. дырэктарам вучылішча працаваў Яўгеній Iванавіч Белясаў. У 1994 годзе вучылішча было закрыта.

Шырока разгарнулася i культпрасветработа. 15 жнiýня 1946 года адкрылася раённая бiблiятэка. Яна займала два маленькiя пакойчыкi. Загадчыцай бiблiятэкi працавала Т. Ткачова. У 1947 годзе загадчыцай бiблiятэкi была Пашынская Аляксандра Фёдараўна, якая прапрацавала да 1954 года. Кнiжны фонд складаў 3442 экзэмпляры. Да канца 50-х гадоў у раённай бiблiятэцы налiчвалася 29000 экз. кнiг.

З 1 студзеня 1953 года адкрылася самастойная дзiцячая бiблiятэка. З фонду раённай бiблiятэкi ў дзiцячую перадалi 1300 экзэмпляраў кнiг. Першай загадчыцай была Сiняк Лiдзiя Паўлаўна, выпускнiца Мiнскага бiблiятэчнага тэхнiкума. З жнiўня 1953 года бiблiятэку прыняла Сарокiна (Корд) Галiна Iванаўна, таксама выпускнiца Мiнскага бiблiятэчнага тэхнiкума. Фонд складаў ужо 2368 экзэпляраў. У пачатку 1970-х гадоў у раённай бiблiятэцы налiчвалася 2330 чытачоў, кнiгавыдача складала 27,5 тысяч экзэпляраў кнiг. З сакавiка 1977 года раённая бiблiятэка працуе ва ўмовах цэнтралiзацыi. Структура цэнтралiзаваннай бiблiятэчнай сiстэмы наступная: цэнтральная бiблiятэка, дзiцячая, 31 сельскiя бiблiятэкi-фiлiялы, 5 пунтаý выдачы. З стварэннем новых аддзелаў змянiлiся i функцыi цэнтральнай раённай бiблiятэкi: створаны аддзел камплектавання i апрацоўкi лiтаратуры, адзiны фонд ЦБС склаў 343009 экзэмпляраў кнiг.

У 1982 годзе, пад маркай рэканструкцыi будынка цэнтральнай раённай i дзiцячай бiблiятэк, пачалося будаўнiцтва новага будынку на старым месцы. Новы будынак быў зданы ў эксплуатацыю ў 1985 годзе.

Вялiкiя перамены адбылiся ў бiблiятэцы ў 2001 годзе. У раённай бiблiятэцы працуе ксеракс i тры камп'ютэры. Бiблiятэка пачала аказваць платныя паслугi насельнiцтву. Бiблiятэка абслугоўвае 3200 чытачоў, дзіцячая - 2480.

Пасля вайны моладзь жыла, нягледзячы на цяжкасцi i нястачу, дружна i весела штодзень у клубе – звычайным хляве на вулiцы Несянюка, прыстасаваным пад установу культуры, збiралiся хлопцы i дзяўчаты – музыка, танцы, смех... Iншы раз  паказвалi кiно, лавак не хапала, сядзелi прама на зямлi. Дом культуры размясцiўся ў памяшканнi былога зернесклада. Памяшканне не адпавядала ўзросшым патрабаванням (не было пакояў для работы гурткоў, адсутнiчаў метадычны кабiнет), але моладзь гарадскога пасёлка актыўна i з вялiкай ахвотай ўдзельнiчала ў правядзеннi вечароў адпачынку, у конкурсах, вiктарынах i г.д., праводзiлася шмат тэматычных вечароў, лекцый-канцэртаў, вечароў мастацкай самадзейнасцi. Работнiкi ДК практыкавалi выступленнi ўдзельнiкаў мастацкай самадзейнасцi ў самых аддалённых вёсках раёна, на палявых станах. З гэтай мэтай стваралiся спецыяльныя агiтбрыгады, у якiя ўваходзiлi таленавiтыя самадзейныя артысты. Гэта – У.Свiрыдаў, I.Дзiбук, I.Заматаеў, С.Сезiк, Т.Чура, Г.Сватко, Т.Пiшчык, В.Лагуценка, М.Дайнэка, В.Крывашэiн, Р.Рассалай i iнш. Гэтыя людзi не лiчылiся з занятасцю, шмат часу аддавалi агульнай справе. 

У жнiўнi 1982 года з трапяткiм хваляваннем пераступiлi маларытчане парог Дома культуры, прыветлiва ўсмехалiся, вiншавалi адзiн аднаго. Гэта было вялiкае свята - адкрыццё новага Дома культуры.  

З першых дзён вызвалення заходнiх абласцей i ўстанаўлення ў iх Савецкай ўлады медыцынская дапамога насельнiцтву стала бясплатнай. Расшыралiся iснуючыя i арганiзоўвалiся новыя ўстановы аховы здароўя. Да 1941 года колькасць бальнiц у Брэсцкай вобласцi павялiчылася з 16 да 80, а лiк ложкаў – з 852 да 3565. Былі адкрыты 142 фельчарска-акушэрскiя пункты. Праводзiлiся шырокiя прафiлактычныя мерапрыемствы, у першую чаргу, па ахове здароўя дзяцей i па барацьбе з сацыяльнымi хваробамi. Гэта вялiкая работа была спынена гiтлераўскiм нашэсцем. Амаль усе медыцынскiя ўстановы былi зачынены, раскрадзена медыцынскае абсталяванне. Санiтарны стан насельнiцтва рэзка пагоршыўся, успыхнулi эпiдэмii. Пасля выгнання нямецка-фашысцкiх захопнiкаў, установы аховы здароўя прышлося аднаўляць зноў.

У 1945 годзе ў Маларыце функцыянiравала ўсяго адна бальнiца на 30 ложкаў, дзе працавалi толькi адзiн урач i сем чалавек з сярэдняй медыцынскай адукацыяй. Бальнiца знаходзiлася ў канцы гарадскога пасёлка, у старым корпусе. Месца было мала, апаратура старая. У 1968 годзе раённая бальнiца расшырылася на 150 ложкаў. Яна была забяспечана новым абсталяваннем. Значных поспехаў у сваёй рабоце дабiўся санэпiдаддзел. Тут шырока выкарыстоўваўся метад лабараторнага кантролю. Толькi за 1966 год было зроблена 9657 аналiзаў прадуктаў, 1622 аналiзы на кiшэчнае бацыланашэнне. План прафiлактычных прывiвак перавыканалi амаль па ўсiх паказчыках. Урачы праводзiлi медыцынскiя агляды даярак, механiзатараў i iншых работнiкаў сельскай гаспадаркi. Гэтая любоў да чалавека з'явiлася асноўным у рабоце медыцынскiх работнiкаў бальнiцы. Шырока разгорнута прафiлактыка папярэджвання захворванняў, палепшыўся ахоп насельнiцтва дыспансерным абслугоўваннем. Калi на пачатак 1965 года на дыспансерным наглядзе знаходзiлася 326 чалавек, то на канец года гэтая лiчба дасягнула 648 чалавек. На варце здароўя працоўных раёна стаяла – 24 урача i 147 медработнiкаў з сярэдняй адукацыяй. Многiя медыкi карысталiся заслужаным аўтарытэтам i павагай сярод насельнiцтва. Дзякуючы iх намаганням такiя хваробы, як дыфтэрыя, полiямiэлiт, сыпны i брушны тыфы, малярыя - поўнасцю лiквiдаваны.

У 1989 годзе быў пастроены новы будынак палiклiнiкi i бальнiцы. Стацыянарнае аддзяленне раённай бальнiцы мела 210 бальнiчных ложкаў, палiклiнiчнае аддзяленне вядзе прыём па 22 спецыяльнасцях. У Маларыцкiм тэрытарыяльным медыцынскiм аб'яднаннi працуе 58 урачоў i больш 200 медсясцёр, фельчараў i акушэрак. Большая частка спецыялiстаў  I i II катэгорыi, а сярод работнiкаў сярэдняга медыцынскага персаналу 29 чалавек атрымалi вышэйшую катэгорыю.

Маларыцкi раённы вузел сувязi (раённая кантора сувязi) быў арганiзаваны ў кастрычнiку 1939 года. Пошта ў кантору сувязi з Брэста паступала поездам i дастаўлялася ў аддзелы сувязi на конях, альбо пешшу. Перад вайной быў паложаны пачатак развiцця тэлэфоннай сувязi. У г.п. Маларыта ўстаноўлена тэлефонная станцыя на 30 нумароў. Станцыя была ручнога абслугоўвання (МБ) iндукатарным выклiкам. У галоўным тэлефанiзiравалiся партыйныя, савецкiя органы i прадпрыемствы, арганiзацыi райцэнтра. З горадам Брэстам сувязь была толькi па аднаму каналу.

Першым начальнiкам канторы сувязi быў Iван Мiкалаевiч Курачкiн, якi за 2 месяцы да пачатку вайны быў накiраваны на 3-х месячныя курсы павышэння квалiфiкацыi ў горад Мiнск i не вярнуўся ў г.п. Маларыту. За паўтара перадваенных (1939-1941) года працаўнiкамi сувязi пад кiраўнiцтвам начальнiка канторы I.М. Курачкiна была праведзена работа па развiццю сродкаў сувязi ў раёне. Аднак, у рэзультаце вераломнага нападу фашысцкай Германii,  усё, што створана, было разбурана.

Пасля вызвалення раёна з 1 жнiўня 1944 года зноў пачала функцыянiраваць раённая кантора сувязi. Штат работнiкаў канторы складаў 19 чалавек. Начальнiкам быў Краўцоў, намеснiкам – А.А. Седова. Жыхары г.п. Маларыта ў 1945 годзе атрымалi магчымасць слухаць перадачы, якiя транслiравалiся раённым радыёвузлом. На вулiцах устаноўлены пяць радыёрэпрадуктараў. У кватэрах жыхароў пасёлка было ўстаноўлена 55 рэпрадуктараў.

За перыяд 1944-1948 гг. былi не толькi поўнасцю адноўлены разбураныя сродкi сувязi ў райцэнтры, але i значна расшыраны. Усе работы па будоўлi тэлефонных лiнiй сувязi праводзiлiся ўручную. У 50-х гадах тэлефонная станцыя была расшырана на 120 нумароў, а пасля на 240.

З 1965 года працаваў начальнiкам вузла сувязi Мiхаiл Георгiевiч Дземянчук. У сувязi з ростам попыту на паслугi мiжгароднай тэлефоннай i тэлеграфнай сувязi павялiчылася колькасць мiжгародных тэлефонных каналаў з г. Брэстам з аднаго да шасцi. З 77 населеных пунктаў раёна было радыёфiкавана – 65.

Падпiска на газеты i часопiсы ў 1965 годзе складала 17,5 тысяч экзэмпляраў на адну тысячу насельнiцтва.

Поспехі ў развiццi сродкаў сувязi ў раёне былi дасягнуты за кошт колькасцi i якаснага росту штатаў кадраў. Так ў 1965 годзе ў раёне працавала 135 сувязiстаў. Якасны склад кадраў у параўнаннi з перыядам 1944-1950 гг. рэзка змянiўся. Калi ў той перыяд у сувязi працавала 3 чалавекi з сярэдняй адукацыяй, то ў 1965 - 135 работнiкаў: 4 мелi сярэдня-спецыяльную адукацыю, 26 сярэднюю, 69 няпоўную сярэднюю.

У пачатку 1968 года быў пабудаваны i зданы ў эксплуатацыю новы тыпавы будынак вузла сувязi, што дазволiла замянiць станцыю ручнога абслугоўвання i ўстанавiць новую АТС  большай ёмiстасцю (на 500 нумароў).

У 1971 годзе ўстаноўлена мiжгародная тэлефонная станцыя.

Цяжкiя выпрабаваннi выпалi на долю сувязiстаў у днi асенняй паводкi ў канцы 1974 года. Яны самааддана працавалi днi i ночы i ў кароткi тэрмiн лiквiдавалi вынiкi стыхiйнага бедства.

У 1975 годзе ўстаноўлена 509 тэлефонаў. Кожная другая сям'я мела тэлевiзар, прыемнiк. Штогод змянялiся ўсе галiны сувязi.

У 1989 годзе адбылося пашырэнне гарадской АТС. Устаноўлены тры ўнiверсальныя мiжгародныя тэлефоны-аўтаматы, уведзена сiстэма перадачы тэлеграм з камунiкацыяй паведамлення. Шмат старанных працаўнiкоў ёсць у райвузле. Даўно працуе тут Валянцiна Сяргееýна Максiмовiч. Яна – iнжынер станцыйнага абсталявання. Участак работы – адзiн з найбольш цяжкiх. Але жанчына добра спраýляецца са сваiмi абавязкамi.

За 1995-1997 гг. магутнасць гарадской тэлэфоннай сеткi ýзрасла на 1160 нумароý.

З 1965 па 1977 год каранныя змяненнi адбылiся ў развiццi паштовай сувязi.  Пошта пачала дастаўляцца аўтатранспартам з г.Брэста, што дало магчымасць палучаць карэспандэнцыю ў дзень выхада з друкарнi. У горадзе ўстаноўлена 18 апорных пунктаў. Тры разы ў дзень выймалiся пiсьмы з паштовых скрынак.

Рэнтабельнасць работы прадпрыемства – гэта асноўны паказчык дзейнасцi калетыву, складае, усяго 6%. Прадпрыемства аказвае паслугi: прымаюць пасылкi, бандэролi, выдаюць пераводы. Работы ў аператыўнiкаў вельмi многа, сярод якiх прыём падаткаў i абавязковых плацяжоў, iншых паступленняў у раённы, абласны i рэспублiканскi бюджэты, ксеракапiраванне, продаж тавараў народнага спажывання, дастаўка падарункаў Дзедам Марозам напярэдаднi Навагоднiх святаў i г.д.

Падпiска на рэспубліканскія і расійскія выданні з  кожным годам скарачаецца.

У 1997 годзе прайшло раз'яднанне раённага вузла паштовай сувязi з раённым вузлом электрычнай сувязi. Начальнiкам электрычнай сувязi стаў Аляксандр Уладзiмiравiч Скрыпчык, начальнiкам паштовай сувязi Вiктар Рыгоравiч Мiцук.

У вузле электрычнай сувязi працуе – 72 чалавекi, на першае студзеня 2003 года ў горадзе налiчваецца 3282 радыёкропкi, з iх кватэрных – 2138; 3483 тэлефонаў, з iх кватэрных -  2864; 25 таксафонаў.

Вялiкае значэнне для гаспадаркi раёна меў райпрамкамбiнат. Яго адрадзiлi на старой базе, i хутка камбiнат пачаў забяспечваць жыхароў райцэнтра электраэнергiяй, цэглай, вырабамi з металу. Тут можна было адрамантаваць павозку, заказаць бандарныя вырабы, пашыць адзенне, адрамантаваць абутак.

Пачаў працаваць войлачны цэх, абсталявана гонтавая машына, якая выпускала да трох тысяч гонт у змену для крыш дамоў. У 1949 годзе вялася стройка вапнавага завода на базе вапнавых залежаў напальнай печчу прадуктыўнасцю 100 тон вапны ў год. Адкрыта ганчарная вытворчасць. Першая партыя глазураванай пасуды паступiла ў продаж.

Прадукцыю чарапiчнага цэха райпрамкамбiната можна было ўбачыць у Брэсце, Кобрыне, Iванава i другiх месцах. Акрамя чарапiцы рабiлi тратуарныя плiты, калодзежныя кольца, вуглавыя слупкi для фундаментаў забудоў, слупкi для агароджы. Кожны рабочы за змену выпрацоўваў 200-250 штук чарапiцы. Па плану выпускалi 800 тысяч штук чарапiцы, 600 калодзежных кольцаў. Загадчыкам чарапiчнага цэха працаваў Iван Клiмавiч Зiновiк (1965).

У 60-х гадах быў пастроены двухпавярховы будынак, дзе размясцiлiся швейнае атэлье, цырульня, фатаграфiя, майстэрня па рамонту абутку i гадзiннiкаў. Усе вiды паслуг, якiя аказвалiся, не задавальнялi ўжо людзей. Неабходна было развiваць бытавое абслугоўванне, павялiчваць вiды паслуг. I камбiнат прыступiў да будаýнiцтва вытворчых памяшканняў. У г. Маларыта ў 1972 годзе пабудаваны Дом быту на 70 працоўных месцаў. Значна ўзрасла колькасць паслуг i складала  ўжо 17 вiдаў.

У 1982 годзе прадпрыемства бытавога абслугоўвання аказвалi насельнiцтву больш 150 вiдаў i форм бытавых паслуг.

Вельмi складанымi для камбiната сталi 90-я гады. Новыя ўмовы гаспадарання паставiлi калектыў сам-насам са шматлiкiмi эканамiчнымi праблемамi. Прыметна знiзiлася вытворчасць прадукцыi. У гэтых ўмовах амаль дзесяткi рабочых пазбавiлiся працоўных месцаў.

Адным са старэйшых прадпрыемстваў з'яўляецца гароднiнасушыльны завод. Будаўніцтва завода (складскіх памяшканняў) пачата ў лістападзе 1952 года. Кантора прадпрыемства была размешчана у кватэры Мiкалая Церашчука. З 1953 года пачалося будаўнiцтва самога завода. Работу выконваў будучастак Брэсцкага БМУ-4. Для ўзвядзення цагляна-дымавога комiна была запрошана сям'я Якубовiчаý з г. Кобрына.

Асноўным палiвам для завода быў торф. Таму ў вёсцы Лазкi пачалося будаўнiцтва торфапрадпрыемства. У 1955 годзе завод атрымаў торф на палiва ў дастатковай колькасцi.

У 1954 годзе ўзведзены адмiнiстрацыйны будынак, сушыльны цэх, сховiшча, вагавая, кацельня. Восенню было нарыхтавана 600-700 тон бульбы для переапрацоўвання.

1955 год: пушчана марынадная лiнiя. У другой палавiне гэтага ж года выпушчана першая прадукцыя з этыкеткай «Маларыцкi гароднiнасушыльны завод» на слоiках з агуркамi кансерваванымi, варэннем чарнiчным, джэмам яблычным, сокам буяковым.  Сярэднегадавая колькасць працуючых на заводзе у 1955 годзе склала 76 чалавек.

У 1966 годзе асартымент завода складаў 80 назваў.

У 1987 годзе завершана рэканструкцыя кансервавага цэха, заменена састарэлае абсталяванне. Пашыраны i мадэлiзаваны iншыя цэхi, ўсе асноўныя работы механiзаваны. У год завод выпускаў 800 тон сушанай бульбы, звыш сямi мiльёнаў умоўных слоiкаў кансерваў, у тым лiку 3,5 тысячы для дзяцей – усяго каля 50 вiдаў прадукцыi, якая паступала ў краiны СНГ, на прылаўкi нашай рэспублiкi, вобласцi, раёна.

На мiжнароднай канферэнцыi «Консервная промышленность – ХХI», якая адбылася ў горадзе Маскве ў 2001 годзе, завод удастоены Залатой медалi i стаў пераможцам конкурса «Золотая банка».

За пасляваенныя гады шырокi размах набыло дарожнае будаўнiцтва. Бездарожжа замянiлi асфальтаваныя i гравiйныя дарогi. Служба рамонту i ўтрымання дарог была арганiзавана ў жнiўнi 1944 года. Дарожна-эксплуатацыйны ўчастак №851 быў арганiзаваны ў г. Кобрыне. Першым начальнiкам назначылi маёра ўнутраных войск Каваленка Н.I. На тэрыторыi раёна знаходзiлiся два майстроўскiх участкi. Галоўнай задачай дарожнай службы таго часу - лiквiдацыя разбураных мастоў i дарог. Дарогi мелi белае шчэбневае пакрыццё. Пачынаючы з 1950 года дарогi з белым пакрыццём перавялi на чорнае (г.зн. асфальцiравалi спосабам прамочвання). У гэтым жа годзе ДУ-851 было лiквiдавана, а арганiзавана ў г. Брэсце ДЭУ-848. Начальнiкам ДЭУ-848 быў падпалкоўнiк унутраных войск В.В.Фомчанка. Галоўная задача дарожнай службы - пакрыццё на дарогах ўдасканаленага тыпу i перастройка драўляных мастоў на жалезабетонныя. Былi пабудаваны дарогi Брэст-Ковель да гранiцы УССР – 50 км; Брэст-Уладава – 103 км; Брэст-Каменец  да Вiдомлі – 27 км.

1 лютага 1965 года прыказам Брэсцкага Ушосдора быў створаны ДЭУ-179 у г. Маларыта. За ДЭУ-179 было замацавана для будаўнiцтва, рамонту i ўтрымання 204 км дарог, у тым лiку абласнога значэння 40 км i важнейшых мясцовых дарог – 164 км.

У 1977 годзе ДЭУ прыступiў да будаўнiцтва ўласнай вытворча-тэхнiчнай базы. Будавалiся вытворчыя майстэрнi, матэрыяльна-тэхнiчны склад.

У 1966 годзе пабудавалi першую гравiйную дарогу ў раёне Маларыта-Медна-Знамянка. У 70-я гады ўсе 14 калгасаў i саўгас «Маларыцкi» былі звязаны з райцэнтрам дарогамi з цвёрдым пакрыццём.

З ростам аўтамабiльнага транспарту вырасла роля аўтамабiльных дарог. Пракладваюць i падтрымлiваюць дарогi ў належным стане дарожна-рамонтнае будаўнiчае ўпраўленне № 46 i дарожна-эксплуатацыйны ўчастак № 179.

У пачатку 90-х гадоў пабудавана новая аб'яздная дарога Маларыта-Сушытнiца, якая перасякае тэрыторыю калгасаў «Запаветы Ленiна» i «Маларыцкi».

Савет Маларыцкай межгаспадарчай будаўнiчай арганiзацыi «Межкалгасбуд» быў утвораны рашэннем упаўнаважаных калгасных пайшчыкаў раёна 18 сакавiка 1965 года з пастаянным месцам размяшчэння ў гарадскiм пасёлку Маларыта. Асноўнымi функцыямi Савета МБА з'яўлялiся – арганiзацыя будаўнiцтва ў сельскай мясцовасцi, выраб будаўнiчых матэрыялаў з мясцовай сыравiны.

На першым годзе iснавання ў арганiзацыi налiчвалася 139 чалавек, iмi быў выкананы аб'ём будаўнiча-мантажных работ для калгасаў у суме 183 тысячы рублёў.

У 1970 годзе аб'ём будаўнiча-мантажных работ ужо склаў 1 млн. 53 тыс. рублёў. У 1977 годзе МБА перайменавана ў межкалгасную перасовачную механiзаваную калону №14 (МПМК-14), а ў 1986 годзе МПМК-14 i МПМК-98 аб'яднаны ў МПМК-20. Большасць аб'ектаў сельскагаспадарчай вытворчасцi i сацыяльна-культурнай сферы раёна пабудаваны сiламi МПМК-20. Гэта дазволiла значна павялiчыць аб'ём будаўнiча-мантажных работ. Узводзiлiся новыя майстэрнi, склады, зернесушыльныя аб'екты, жылыя дамы, аб'екты сацыяльна-культурнага прызначэння.

У 1939 годзе быў арганiзаваны «Раймаслапром», загадчыкам якога стаý былы ваеннаслужачы танкавых войск Савiч Леанiд Iванавiч, жыхар г.Бабруйска. Абсталяванне прадпрыемства ў тыя далёкiя гады прыводзiлася ў работу ўручную. Малака паступала мала, таму што пастаўшчыкамi былi аднаасобныя гаспадаркi сялян. У пасляваенны перыяд праводзiлася работа па далейшаму развiццю малочнай прамысловасцi ў раёне. 16 жнiýня 1944 года ўзноўлена работа «Раймаслапрома». Першым пасляваенным кiраўнiком быў Мельянчук Фёдар Харытонавiч, удзельнiк Вялiкай Айчыннай вайны. З абсталявання ў першыя гады было толькi два ручных сепаратары, ручная маслабойка, ручная лабараторная цэнтрыфуга, вадзяныя каробкi для тэрмiчнай апрацоўкi малака i вяршкоў, прыёмная ванна для малака i вяршкоў i ёмiстасць для ледзяной сумясi, дзе ахалоджвалi малако i вяршкi. Лёд загатаўлялi сваiмi сiламi, уручную.

У 1952 годзе «Раймаслапром» перайменавалi ў маслазавод. У 60-х гадах пачалася рэканструкцыя завода. Расшырылiся вытворчыя плошчы, набывалася новае больш магутнае абсталяванне.

У 1966 годзе на малаказаводе разам з вадзiцелямi працавалi больш 40 чалавек. Галоýнымi вiдамi прадукцыi малаказавода з'яўлялiся:

• 2,5% тлустасцi малако на разлiў;

• сыр клiнковы тлусты i нетлусты.

На 1.01.2003 г. на заводзе працуе 15 чалавек. Усе яны ветэраны працы.

Маларыцкi малочны завод уваходзiць у склад ОАО «Брэсцкi малочны камбiнат».

У сiстэме райспажыўтаварыства дзейнiчаюць прамысловыя прадпрыемствы: хлебазавод, каўбасны i кандытарскi цэхi, халадзiльнiк.

У 1966–1973 гг. дырэктарам хлебапякарнi была Тамара Канстанцiнаўна Кляшчэўская. Вось як яна ўспамiнае пра гады працы на вытворчасцi:

«Обеспечение хлебом жителей Малоритского района до 1973 года осуществляла хлебопекарня г.п. Малорита. Оборудования почти никакого не было. Всё делалось вручную. Работа была очень тяжёлая, не каждый мог простоять 8-ми часовую смену у горячей печи, перекидывая по 5-6 тонн хлеба. Но были люди, которые проработали на пекарне всю жизнь, такие как Савчук Ксения Яковлевна, Чуль Анна Степановна – они начали работать подсобными рабочими и дошли до высококлассных мастеров хлебопечения, награждённых многими знаками отличия. Хлеб в то время городу доставляли повозкой, запряжённой лошадью, а в деревни, даже в такие как Хотислав и Збураж, когда проходили дожди (весной и осенью) можно было доставлять только трактором.

Пекарня могла выработать не более 10-12 тонн хлебобулочных изделий в сутки, которых очень не хватало для полного обеспечения населения хлебом. Поэтому очень остро стоял вопрос о строительстве хлебозавода. И вот, в конце 60-х годов, правлением облпотребсоюза было решено построить хлебозавод в г. Малорита, производительностью 26 тонн в сутки. В апреле 1973 года завод начал свою работу. Нам, работникам хлебопекарни, пришлось осваивать новое для нас оборудование (бестарное хранение муки, расстоечные шкафы, новое для нас производство – кондитерский цех). На завод поступили технологи хлебопечения, прибыли мастера кондитерского цеха и с опытными технологами, такими как Лемачко Е.И. и Поснова М.П. начали с азартом осваивать производство. Успех пришёл быстро. О нас заговорили в области, в республике, кондитерские изделия прямо расхватывались с прилавков жителями г. Малориты. Мы научились делать торты, которые пользовались большим спросом у населения. Очень большое внимание уделялось качеству выпускаемой продукци. За это время мы дважды были победителями Всесоюзных соревнований, получали награды, премии».

Змена выпякала тры тоны хлеба i 300 кг булак. Нiхто з пакупнiкоў не ўяўляў, якiм напружаным быў папярэднi працоўны дзень у работнiкаў хлебапякарнi.

У 1979 годзе кандытары хлебазавода прымалi ўдзел у конкурсе прыгатавання булачных, крэмавых вырабаў, пiрагоў, тортаў, кексаў. Лепшым вырабам быў прызнаны торт, зроблены ў алiмпiйскiм афармленнi рукамi прадстаўнiцы Ядзвiгi Каваленка i яна прызнана лепшай па прафесii.

1983 год. Паспяхова справiўся з намечанай праграмай рыбны цэх, iшло асваенне вытворчых магутнасцей каўбаснага цэха.

Адной з важнейшых праблем, ад вырашэння якой залежыць далейшы рост дабрабыту народа з'яўляецца надзейнае забяспячэнне людзей прадуктамi харчавання. Гэта добра разумелi на камбiнаце. На адыходах вытворчасцi адкармiлi 56 галоý свiней. Гаспадарчым спосабам пабудавана цяплiца, дзе пасаджаны агуркi i таматы.

У 1967 годзе на хлебапякарню маладой дзяўчынай прыйшла Алена Iосiфаýна Лямачка ў якасцi лабаранта. Затым была пераведзена ў тэхнолагi, а пасля стала начальнiкам вытворчасцi. З 1983 г. па 2002 год займала пасаду дырэктара завода. Яна ўдастоена ганаровага высокага звання «Выдатнiк спажывецкай кааперацыi РБ».

З успамiнаў А.I.Лямачкi: «Усялякае здаралася за гады кiраўнiцтва. Нямала было поспехаў, не абыходзiлася i без расчараванняў. Але самае галоўнае – камбiнат нiколi не быў у лiку адстаючых сярод прадпрыемстваў сiстэмы спажывецкай кааперацыi. У 90-я гады нестабiльнасць у грамадстве i нестабiльнасць у эканомiцы. Камбiнат – адно з тых прадпрыемстваў, дзе не пакрамсалi калектыў у вынiку непазбежнага скарачэння штатаў. Усе 110 чалавек, якiя працавалi на камбiнаце раней, працуюць тут i цяпер».

Шукаючы шляхi выхаду са складанай сiтуацыi пры камбiнаце кааператыýнай прамысловасцi адкрылi магазiн «Гарачы хлеб». Цяпер магазiн – адно з тых падраздзяленняў, якi найбольш эфектыўна працуе. У 1996 годзе пасля рамонту ён змянiўся да непазнавальнасцi. Тут з'явiлiся новыя секцыi для вiтрын, новыя халадзiльныя ўстаноўкi. Пашырыўся асартымент тавараў. Разам з рознымi хлебабулачнымi вырабамi прадаюцца i каўбасныя вырабы, фарш, цукеркi, прахладзiльныя напiткi i нават марожанае. Гандлёвая кропка за 6 месяцаў 2002 года дала камбiнату выручкi на 2 млрд. 609 тыс. рублёў.

У значнай ступенi акупiлася прадпрыемству i вытворчасць уласнага кiсялю.

На камбiнаце адкрылi новую лiнiю па вытворчасцi макаронных вырабаў.

Не лiшняй, як аказалася, была задума з адкрыццём швейнага цэха. Няма праблем з забяспячэннем сваiх рабочых спецадзеннем. Прадукцыя выкарыстоўвалася не толькi для патрэб прадпрыемства, але iдзе ў продаж. Гэта i пасцельная бялiзна, i сталовыя камплекты i г.д. Выпускалi 29 найменняў швейнай прадукцыi. У асноўным яна разыходзiлася па гандлёвых кропках райспажыўтаварыства, невялiкiмi партыямi прадукцыю швейнiкаў забiраў i абласны цэнтр. Цэх атрымаў прыбытак каля 2-х млн. рублёў, рэнтабельнасць прадукцыi склала 6%.

У 2002 годзе дырэктарам завода назначаны Кандарэвiч Iван Гардзеевiч, а Алена Iосiфаýна Лямачка пайшла на пенсiю.

«Райаграпрамтэхнiка» – адно са старэйшых прадпрыемстваў нашага горада. Утварэнне яго адносiцца да 1940 года, як машынна-трактарная станцыя (МТС). У 1945 годзе работа МТС была ўзноўлена i папаўнялася новай тэхнiкай. Абслугоўванне калгасаў ажыццяўлялася на аснове дагавароў. У 1958 годзе парадак вытворча-тэхнiчнага абслугоўвання калгасаў быў зменяны: МТС рэарганізаваны ў рамонтна-тэхнічныя станцыі (РТС), а тэхніку пачалі прадаваць калгасам. У гэты годзе пачата стройка тыпавой рамонтнай майстэрні. Яна была абавязана забяспечваць рамонт трактароў і іншых машын, тэхнічнага абслугоўвання калгасаў, продажу калгасам запасных частак, паліва і іншых тавараў. У 1960-х гадах было створана і раённае аб'яднанне па аграхімічнаму абслугоўванню гаспадарак раёна.

Са студзеня 1966 года для бытавых патрэб пачаў выкарыстоўвацца газ. На працягу года ўстаноўлена больш 100 газавых пліт. Аб'ём паслуг насельніцтву пастаянна павялічваўся. Да 1975 года налічвалася 11 установак для падвозкі газу ў шматкватэрныя дамы, было газіфікавана больш чым 3,5 тысяч кватэр. У 1980-х гадах у раён прыйшоў прыродны газ, якім карыстаюцца жыхары Маларыты і цяпер.

У 1957 годзе пачала ажыццяўляцца праграма электрыфікацыі раёна і праз 10 гадоў яна была поўнасцю завершана.

У 1966 годзе арганізаваны аўтаатрад для выканання заявак па перавозцы грузаў арганізацый, прадпрыемстваў насельніцтва.

Пастаянна павялiчваўся аўтапарк, раслi аб'емы перавозак, створана свая база для рамонту аўтамабiляў. Першым кiраўнiком аўтаатрада быў Новiкаў Аляксандр Георгiевiч.

У пачатку 1980-х гадоў сфарміравана служба райпалівасбыту.

У 1945 годзе, на былой пустэчы, ў тупіку Вакзальнай вуліцы, адкрылася матэрыяльна-тэхнiчная база i кантора камунальнага прадпрыемства. У першыя гады пасля вайны ў камунальным аддзеле працавала 12 чалавек. Фармiраваў гэтую службу былы партызан Белякоў Рыгор Мiхайлавiч. Арганiзацыя камунальнай службы была звязана з новымi ўмовамi жыцця i быта грамадзян. Паяўленнем i ростам камунальнага жылля, аб'ёмам аказаных паслуг жыхарам i ўстановам гарадскога пасёлка, правядзеннем мерапрыемстваў па добраўпарадкаванню, азеляненню i падтрымкi парадку ў горадзе  быў павялiчаны штат працаўнiкоў.   

Вялiкае месца ў эканомiцы раёна мела рыбная гаспадарка, якая размяшчалася ў аддзяленнi «Руда» - рыбгас «Карпiн». Тут было звыш 300 га нагульных сажалак, каля 40 га – вырасных. У гэтых вадаёмах разводзiлася таварная рыба. Дырэктарам рыбгаса быў Мярлюк Феадосiй Осiпавiч. Каб забяспечыць насельнiцтва свежай рыбай ў летнi перыяд, вясной рабiлi адбор больш вялiкага пасадачнага матэрыялу. Асноўнай таварнай рыбай з'яўляўся люстраны карп i серабрысты карась, якi быў завезены з Далёкага Усходу ў 1949 годзе. Штогод вылаўлiвалi па 40-50 тон рыбы. Прадукцыя натуральных вадаёмаў паступала на прылаўкi магазiнаў горада Маларыты, а таксама Мiнска, Брэста, Кобрына.

Бягуць i бягуць саставы праз невялiкую цiхую станцыю Маларыта. I сапраўды, яна даволi цiхая i спакойная, гэтая невялiчкая чыгуначная станцыя. Праз пэўны адрэзак часу праiмчыць цягнiк, коламi стукаючы па рэйках, зноў устанаўлiваецца цiшыня. Гiсторыя чыгункi i чыгуначнага вакзала г. Маларыты адыходзiць сваiмi каранямi ў далёкае мiнулае.

У 1878 годзе было закончана будаўнiцтва чыгункi Брэст-Ковель. Яна будавалася з мэтай перавозкi войскаў да паўднёвай мяжы праз Кiеў. Пра неардынарнасць характараў чыгуначнiкаў мiнулых гадоў сведчыць i помнiк, якi i па цяперашнi час знаходзiцца на тэрыторыi вакзала i адлюстроўвае падзеi больш позняга часу.

З ягога б далёкага цi блiзкага шляху не вяртаўся, заўжды першым сустракае цябе вакзал. I калi гэта вялiкi i прыгожы будынак з чыстай, з густам упрыгожанай прывакзальнай плошчай, сэрца напаўняецца гонарам за родныя мясцiны. Але, вядома ж, далёка не ў эстэтыцы галоўная значнасць чыгуначнай станцыi, а ў тым, што менавiта яна ажыццяўляе транспартную сувязь. Зусiм нядаýна (1996) калектыў перайшоў са старага памяшкання ў новае. Выдатная аўтаматыка. У спецыяльна адведзеным пакоi ўстаноўлены сучасны пульт дзяжурнага. Апошнi прызначаны для кiравання цягнiкамi, iх прыёму, адпраýлення, пропуску цягнiкоў i выканання розных манеўровых работ. Падключаны спецыяльны тэлефон, якi забяспечвае сувязь па ўсёй лiнii цягнiкоў.

Службу руху на чыгуначнай станцыi прадстаўляюць 20 чалавек. Гэта i дзяжурныя па станцыi, i бiлетныя касы, i работнiкi таварнага кантролю. Узначальвае калектыў Кiвачук Пётр Iванавiч, якi прысвяцiў чыгунцы ўсё сваё жыццё. Працоўны стаж яго складае 39 гадоў. Мянялiся людзi, ўмовы працы, а ён ўсё заставаўся на сваёй працоўнай вахце. Работа гэтая няпростая, патрабуе шмат ведаў i адказнасцi ў людзей, якiя тут працуюць. Уважлiвасць, дасканаласць у выкананнi абавязкаў, веданне ўсiх дробязяў, уменне знайсцi выхад з любой непрадказальнай сiтуацыi – вось галоўнае,  што патрабуецца ад людзей, якiя выбралi прафесiю чыгуначнiка. Гэта Iван Мiкалаевiч Бурда, якi з 1963 года працуе на адным месцы, Нiна Васiльеўна Кiвачук адпрацавала 30 гадоў, Марыя Арсенцьеўна Азарэвiч – бiлетны касiр – 30 гадоў. Больш за 25 гадоў – такi стаж работы на чыгунцы Лiдзii Iванаўны Назаравай – дзяжурнай па станцыi.

Чыгуначная станцыя ўключае ў сябе шмат службаў руху, шляхоў, сувязi, пагрузачна-разгрузачных работ.

26 чалавек штодзённа, ў дзень i ў начы пiльна нясуць сваю вахту, адказваюць за бяспеку руху ўсiх без выключэння цягнiкоў – хуткiх i пасажырскiх, дызель-цягнiкоў i таварных. А ўчастак, якi абслугоўваюць члены калектыву не малы: цягнецца ад мяжы Украiны да чыгуначнага прыпынку Раматова. На ўсiм шляху трэба сачыць за рэйкамi i шпаламi, розным абсталяваннем, рабiць усё з высокай дакладнасцю. Начальнiкам гэтага ўчастка з'яўляецца Гагалюк Анатолiй Iгнатавiч. Нямалы аб'ём работы на чыгунцы выконвае i пагрузачна-разгрузачны ўчастак, дзе працуе 16 чалавек.

Першыя ўспаміны аб арганізацыі пажарных фарміраванняў на тэрыторыі Маларыцкага раёна былі яшчэ да 1940 года. Пасля вызвалення тэрыторыі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе была сфарміравана пажарная каманда НКВД у г.п. Маларыта, колькасцю 16 чалавек. На ўзбраенні часці былі гужавыя бочкі з ручнымі насосамі тыпа “Красны факел” і “Таленж”. Шмат гадоў кіраваў Іван Рыгоравіч Ярмашук. Захаваліся плацёжныя ведамасці за снежань 1944 года па кастрычнік 1948 года.

Ішлі гады вайны, дзе гераізм і мужнасць пажарных не зналі граніц. Рызыкуя ўласным жыццём, не звярталі ўвагу на небяспечнасць. Яны бароліся з агнём, ратавалі людзей, якія трапілі ў бяду.

28 чэрвеня 1952 года ўступіў на пасаду начальніка прафесіянальнай пажарнай часці Макавецкі Васіль Карпавіч і прарабіў да 11 красавіка 1983 года.

На аснаванні Ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 верасня 1998 года № 442 “О реорганизации Министерства по чрезвычайным ситуациям Республики Беларусь” атрад ВПС быў рэарганізаваны ў пажарны аварыйна-выратавальны атрад горада Маларыты.

Амаль кожны дзень работнiкам пажарнай аварыйна-выратавальнай службы даводзiцца перажываць нямала трывог i клопатаў, бо няма такога дня, каб не паступаў трывожны сiгнал пра пажар. У 2002 годзе было зроблена больш чым 500 выездаў на тушэнне пажараў i лiквiдацыю нестандартных сiтуацый. Толькi ў прыватным сектары агонь давялося тушыць 43 разы, больш чым тры разы – на вытворчасцi, а на пажары ў лясы i тарфянiкi – больш чым 200 разоў прыпала выязджаць.

У жнiўнi 945 года выйшаў першы нумар раённай газеты «Знамя Победы» на рускай мове. У 1965 годзе газета была перайменавана ў «Сельскае жыццё», а з 1991 года называецца «Голас часу», якая аператыўна асвятляе падзеi ў жыццi раёна, прымае ўдзел ва ўсiх вытворчых працэсах, расказвае пра лёс маларытчан.

На працягу ўсёй першай пасляваеннай пяцiгодкi залечвалiся раны, нанесеныя вайной, стваралiся асновы для арганiзацыi нармальнага жыцця i работы насельнiцтва.

Нармальна жыць людзям вельмi перашкаджалi бандыцкiя фармiраваннi, якiя засталiся з часоў вайны. Iх называлi бандэраўцамi – па прозвiшчу iх кiраýнiка Сцяпана Бандэры.  Яны праводзiлi тэрарыстычныя акты, забiвалi актывiстаў, палiлi iх хаты i грамадскiя будынкi, грабiлi грамадзян, магазiны. Канец бандам быў пакладзены ў сакавiку 1950 года.

Прайшоў некатары час i наш пасёлак  з маленькiмi хаткамi i запыленымi вузкiмi вулачкамi застаўся толькi ва  ўспамiнах. 

Прайдзiце вы цяпер па зялёных вулiцах горада i ўсюды адчуеце i заўважыце плён стваральнай працы. Маларыта з гарадскога пасёлка ператварылася ў горад. Вырасла нямала жылых шматкватэрных дамоў, пабудаваны бальнiчны гарадок, тыпавыя сярэднiя школы, прафесiйна-тэхнiчнае вучылiшча, гароднiнасушыльны завод, аддзяленне «Сельгастэхнiкi», пабудаваны дзiцячыя сады-яслi, будынкi пошты, рэстарана, Дома Саветаў, унiвермага. На ўскраiне Маларыты вырас цэлы жыллёвы комплекс.

Галоўнае багацце горада – яго працавiтыя i сардэчныя людзi. На ўвесь свет праславiлi Маларыту: чэмпiён маскоўскiх Алiмпiйскiх iгр 1980 года, неаднакратны чэмпiён свету i Еўропы па цяжкай атлетыцы Леанiд Тараненка; Грэбень Раiса Федараўна – трэнер ДЮСШ; член саюза пiсьменнiкаў Беларусi, празаiк, сатырык, гумарыст – Сцяпан Антонавiч Крываль.

bottom of page