Малая родина!
История деревни
На паўднёвым усходзе Маларыцкага раёна, на самай ускраіне, дзе сыходзяцца межы Беларусі і Украіны, на тэрыторыі Хаціслаўскага сельскага Савета, размясцілася вёска Мельнікі. Не крочыць у глыбіню стагоддзяў яе мінулае, не адзначана яна ў гісторыі знамянальнымі падзеямі. Вызначаюцца Мельнікі іншым сваімі добрымі і ветлівымі людзьмі, якія з асаблівай павагай ставяцца да сваіх продкаў, да гісторыі свайго краю. Мы любім сваю зямлю і даражым ёю.У перыядычным друку (Народная газета. – 2010. – 23 студзеня) была размешчана інфармацыя аб тым, што сваю назву вёска Мельнікі атрымала ад таго, што недалёка ад вёскі знойдзены найбуйнейшыя запасы высакаякаснага
мелу (мел – Мельнікі). Але дадзенае тлумачэнне не дакладнае. У матэрыялах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў г. Гродна, згадка аб нашай вёсцы адносіцца да 1668 г. (Інвентарнае апісанне Берасцейскай эканоміі: «На реке Рыта Малая на границе Хотиславской и Ляховецкой было 2 мельницы – весняка с одним кругом»...).
(Памяць. Маларыцкі раён: гіст.-дакум. хроніка Маларыцкага р-на / рэд.-уклад. В.Р.Феранц. – Мінск : Ураджай, 1998. – с. 61.)
Радовішча ж мелу "Хаціслаўскае" было адкрыта толькі ў 1975 г. (з выступу на слуханнях па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе планаванай дзейнасцю СЗАТ “КварцМелПром” 5.12.2009 г.) (Советская Белоруссия. –2010. – 3 марта): «Существует мнение, что в районе современных деревень Мельники, Хотислав, Отчин, Гута (украинская) до 12 века находился древний город Мельник, снабжавший мелом всю Европу…». Калі б такі горад існаваў, то пры зняцці верхняга пласта для распрацоўкі кар'ера (а ён складае каля15 м.), сляды яго былі б ужо выяўлены. Устаноўлена, што горад Мельнік сапраўды існаваў, але на тэрыторыі Падляскага ваяводства ВКЛ у 13 стагоддзі. (Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 5. М — Пуд / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.]. — Мн.: БелЭн, 1999. — С.111). У 12 стагоддзі тэрыторыя сучаснай Маларытчыны ўваходзіла ў склад Галіцка-Валынскай Русі. Асноўны занятак насельніцтва – земляробства, бортніцтва, паляванне.
Звестак аб горадзе Мельнік у нашай мясцовасці не знойдзена. Захоўваючы старыя назвы, захоўваюцца тыя масткі, якія звязваюць мінулае і сучаснасць.
Кірылава Таццяна Мікалаеўна, настаўнік геаграфіі і біялогіі
вышэйшай катэгорыі
Адкуль пайшла назва вёскі Мельнікі?
То давно було,
Трыста лит назад,
Трыста лит назад,
Та и щэ давний.
Як из лису, лису тэмного,
Як из бору, бору густого
Выезжалы два крыстьянина
Два крыстьянина православные
А одын из их – господар Савчук,
Ну, а другого клыкалы Мирчук;
Та доихалы воны до лисной рыкы,
Ричкы быстрыи до Кубанкыи.
А и сталы воны соби млын будоваты,
Сталы млын будоваты, прыговароваты:
«Ой будуйся, млын, на сто вёрст одын,
Будым тут пожываты, та добра нажываты»
Сталы жыты млынары,
Лис рубалы воны, полэ сиялы;
Полэ сиялы, жыто виялы.
И поихалы до их с хуторив другых
Говорылы воны:
«Ой поидымо мы до мельников.
Ой до мельников и до мельницы,
Муку трэба зробыты, та сымью накормыты»
Прыизжалы воны, оставалыся,
Каля мельницы будовалыся,
Так и стало сыло появлятыся,
Стало Мэлныкамы называтыся.
План в. Мельнікі
Першыя паселішчы
Легенду аб паходжанні назвы вёскі Мельнікі злажыла настаўнік Мельніцкай школы
Галіна Сцяпанаўна Братчук.
Каля 300 гадоў таму два селяніна Мірчук і Саўчук пабудавалі на мясцовай рачулцы Кубанцы млын. З
навакольных хутароў прывозілі сюды малоць збожжа людзі, асядалі. Раскарчоўвалі лес пад поле, сеялі, разводзілі жывёлу, займаліся паляваннем і рыбалоўствам.
Так паўстала вёска з млыном, якую і назвалі Мельнікі.
Інфармацыя са школьнага музея.
Асноўныя даты гісторыі вёскі
2 тысячы гадоў назад на пагорку, які быў там, дзе сёння вадаём, пасяліліся людзі. Тут знойдзены крэмневыя сякеры. Яны перададзены ў музей гісторыі Акадэміі навук г. Мінска.
1566 г. - згадка пра Мельнікі. "На рацэ Рыта паміж Хаціславам ёсць вадзяны млын»
(з акту рэвізіі Берасцейскага староства).
1769 г. - Праз Мельнікі на Хаціслаў-Олтуш да Арэхава ішлі войскі Суворава.
У 1795 г. па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай, Мельнікі ўвайшлі ў склад Расіі.
У чэрвені 1812 г. праз Мельнікі прайшлі войскі Напалеона.
У снежні 1812 г. праз Мельнікі наступалі войскі Кутузава.
1861 г. - у Мельніках пражывала 214 чалавек (107 мужчын і 107 жанчын).
У 1873 г. праз Мельнікі пракладзена чыгунка Брэст-Ковель.
У 1884 г. сяляне в. Мельнікі пабудавалі сваім дзецям царкоўна-парафіяльную школу і ўтрымлівалі яе на свае сродкі.
Вучыў дзяцей святар Фёдар Сіткевіч.
1905 г. - у Мельніках пражывае 648 жыхароў.
1914 г. - Першая Сусветная вайна.
1915 г. - жыхары пакідаюць вёску і едуць бежанцамі ў Расію.
1915-1918 гг. - Нямецкая акупацыя.
1919 г. - Мельнікі захоплены палякамі.
1921 г. - в. Мельнікі ў складзе Польшчы.
1922 г. - вяртанне бежанцаў.
1939 г. - в. Мельнікі ўваходзіць у склад БССР.
1940 г. - у Мельніках створаны першы калгас.
1941г. 24 чэрвеня - акупацыя вёскі немцамі.
1944 г. 20 ліпеня – вызваленне вёскі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
1944 г. 1 кастрычніка – адкрыта савецкая школа ў в. Мельнікі.
1947 г. - створаны калгас "8 Сакавіка".
1962 г. - адкрыты клуб
1969 г. – пабудаваны будынак новай школы.
1980 г. - адкрыты музей у школе.
2006 г. - у вёсцы Мельнікі пражывае 825 чалавек.
На 1.01.2018 г. - у вёсцы пражывае 728 чалавек (дзяцей 122).
Гісторыя вёскі
Мельнікі – вёска ў Хаціслаўскім сельсавеце, за 10 км. на поўдзень ад Маларыты. Паводле падання, тут, на рэчцы Кубанцы, быў вадзяны млын. Спачатку каля яго пасяліліся два гаспадары, уладальнікі млына, потым пачалі сяліцца іншыя людзі. У мінулым у складзе Маларыцкай воласці, затым гміны.
У наваколлі Мельнікаў знойдзена некалькі каменных сякер. За 1 км на поўдзень ад вёскі, ва ўрочышчы Глыбінка, ля возера-сажалкі настаўнік П.І. Ківачук у 1975 г. знайшоў авальную крамянёвую сякеру з вузкім абухом лінзападобнага сячэння, лязо прышліфаванае. Даўжыня яго 146 мм, шырыня – 45 мм, таўшчыня – 25 мм. На паўднёвым захадзе ад вёскі ва ўрочышчы Печышча Саўчуком І. І. у 1980 г. знойдзена плоская крамянёвая сякера з вузкім доўгім тулавам, выпуклым і прышліфаваным лязом, чатырохвугольным сячэннем, абабітым абушком. Даўжыня яе 125 мм, шырыня ляза 52 мм. На ўсход ад вёскі ва ўрочышчы Копыта была выкапана свідраваная каменная сякера няправільнай авальнай формы. У пясчаных водкладах паблізу вёскі знаходзяць бурштын.
Амаль да канца XYII стагоддзя вёска ўваходзіла ў скалад Рэчы Паспалітай. Уз’яднанне з Расіяй у 1795 годзе не пазбавіла людзей ад прыгнёту. Свайго хлеба хапала толькі да сярэдзіны зімы. Ад раніцы да раніцы працавалі сяляне, але зямля давала малую аддану. Голад, хваробы былі пастаяннымі спадарожнікамі жыцця сялян. У 1861 г. адменена прыгоннае права. Сялян налічвалася 1292 чал. абодвух палоў, дваровых – 8, батракоў –128 чалавек. Да адмены прыгоннага права ў карыстанні сялян было 4152 дзесяціны зямлі, яна засталася за імі. Добраахвотнай згоды паміж памешчыкамі і сялянамі на выкуп зямлі не адбылося. Быў праект, па якому памешчык павінен быў на працягу 9 гадоў адпускаць сялянам дровы, указваліся тэрміны плацяжоў за зямлю – 1 чэрвеня, 1 снежня штогод. Сяляне ў вёсках мелі права карыстацца сваімі калодзежамі і сажалкамі. Найбольшыя плошчы займала бульба, якая ішла на харчаванне людзям і на корм жывёле. З кожным годам пашыраліся пасевы ільну, каноплі і цукровых буракоў. Вялікае значэнне мела жывёлагадоўля. Найбольш балючым для сялян было пытанне аб выгонах. За асабістую вольнасць і зямлю трэба было плаціць аброк. Важную ролю ў гандлі адыгрывалі рачныя шляхі зносін, у прыватнасці р.Рыта. Яна была сплаўная і, у асноўным, выконвала ролю транспартыроўкі лесу. У 1802-1843 гг. па Рыце горад Брэст і Брэсцкая крэпасць атрымлівалі лесаматэрыялы з суседніх воласцей і з Валынскай губерніі. Прыстані былі ў Рудзе, Велікарыце і Мельніках.
У 1887 годзе разам з жыхарамі вёсак Хаціслаў і Олтуш вяскоўцы паднялі бунт і адмовіліся плаціць штраф. На працягу пяці месяцаў сяляне адстойвалі свае правы і прымусілі памешчыка паменьшыць штраф. Старшыня Маларыцкай воласці селянін Віктар Смаль, удзельнік паўстання, нямала часу прасядзеў у Брэсцкай турме і падлягаў высылцы ў Сібір і, толькі дзякуючы мірскаму прыгавору сялян вёскі Мельнікі, якія прынялі яго ў сваю грамаду, быў памілаваны.
У 1860-я гады ў Мельніках налічвалася 214 рэвізскіх душ (107 мужчын, 107 жанчын), адносіліся да маёнтка Збураж, уладання памешчыка Нефядовіча, сельская грамада Мельніцкая. У 1905 г. – 648 жыхароў, у 1921 г. – 88 двароў, 443 жыхары, усе праваслаўныя.
Амаль да 1917 года ў вёсцы былі адны крывыя хаткі, крытыя саломай. Людзі насілі лапці, грубае даматканае адзенне, спалі на нарах.
Пачалася Першая сусветная вайна. Пацягнуліся бежанцы ў далёкія рускія губерніі – Тамбоўскую, Варонежскую, Арэнбургскую. Ніхто нават і не мог уявіць сабе, што выгнанне будзе такім доўгім.
Волю прынёс 1917 год. Але з першай радасцю прышлі і новыя выпрабаванні. Перашкодай мірнаму будаўніцтву з’явілася грамадзянская вайна. У ёй удзельнічалі жыхары вёскі Рыгор Рыгоравіч Бурштын, які змагаўся супраць Юдзеніча і банд Булак-Булаховіча. Піліп Гардзеевіч Ківачук удзельнічаў у баях супраць белапалякаў. Ён у гэты час працаваў чэкістам у Арэнбургу і ўдзельнічаў у разгроме банд атамана Дутава на паўднёвым Урале.
Успамінае Піліп Гардзеевіч Ківачук: ”Час тады быў цяжкі. Контрэвалюцыя ўцякала на поўдзень, бліжэй к інтэрвентам. Нам прышлося мець справу не толькі са спекулянтамі і зладзеямі, а і з белагвардзейскімі афіцэрамі, пераапранутымі ў цывільную вопратку і добра ўзброенымі. Рэгулярна ўдзельнічаў у праверках паяздоў, якія рухаліся на Ташкент. Добра памятаю, як у Арэнбургу, калі адпраўлялі поезд, у адным з вагонаў з сенам быў знойдзены склад зброі”.
Летам 1920 года Чырвоная Армія з баямі пакінула Маларыцкую зямлю. Згодна з Рыжскім дагаворам Заходняя Беларусь была аддадзена Польшчы. Вёска Мельнікі ўвайшла ў склад Палескага ваяводства Брэсцкага павета Маларыцкай гміны. Пацягнуліся дні, азмрочаныя беднасцю і бяспраўем. Сяляне туліліся ў невялікіх хацінках з саламянымі стрэхамі і падслепаватымі акенцамі, асвятляліся яны звычайна лучынай. Унутранае абсталяванне складалася са стала, дзвюх-трох лавак і палацей. Народ падымаўся на барацьбу. Летам 1921 года ў Маларыце камуністамі Сямёнам Дубовікам і Захарам Трусам быў створаны падраённы камітэт КПЗБ. У яго ўваходзілі 15 сельскіх ячэек. Сярод іх была і ячэйка вёскі Мельнікі. Узначальваў яе Фёдар Данілавіч Камянчук, які ўсё свае жыццё пасвяціў барацьбе за вызваленне народа.
У ячэйку ўваходзілі:
Ківачук Сава Фёдаравіч
Мірчук Аксенцій Ніканоравіч
Ківачук Андрэй Цімафеевіч
Мірчук Павел Герасімавіч
Гаўрылюк Андрэй Іванавіч
Косік Клім Цімафеевіч
Ківачук Захар Васільевіч
Ківачук Пракоп Майсеевіч
Сакалюк Сямён Міленцьевіч
Члены КПЗБ распаўсюджвалі лістоўкі, збіралі грошы для бедных сем’яў, напярэдадні савецкіх свят вывешвалі сцягі. 1 мая 1931 года членам падпольнай ячэйкі Мірчуком Аксенціем Ніканоравічам быў вывешаны чырвоны сцяг. Ён успамінае:
“Атрымаў заданне ад кіраўніка ячэйкі вывесіць сцяг. Я доўга думаў над тым, дзе яго памясціць. Патрэбна было вывесіць так, каб яго бачылі жыхары ўсёй вёскі. Я вырашыў гэта зрабіць на верхавіне крыжа. Ноччу, рызыкуючы сарвацца ўніз, я забраўся на вярхушку крыжа і прывязаў дрэўка з чырвоным палотнішчам так, каб яго не садраў вецер. Хваляваўся моцна і баяўся сарвацца ўніз, таму і забыўся разматаць сцяг, які быў намотаны на дрэўка. Успомніў аб гэтым, калі спусціўся ўніз. Прышлося лезці другі раз. Назаўтра бясконца быў я рады, калі ўбачыў вясёлыя твары аднавяскоўцаў”.
У Мельніках у 1934 годзе была створана падпольная камсамольская арганізацыя. У яе ўваходзіла 7 чалавек:
Саўчук Марыя Сцяпанаўна
Ківачук Сяргей Ільіч
Ківачук Мікалай Іванавіч
Пішчык Андрэй Нікадзімавіч
Ківачук Фёдар Фядотавіч
Ківачук Пётр Саввіч
Кіраваў камсамольцамі Мірчук Цімафей Сцяпанавіч.
Людзі марылі аб волі і змагаліся за яе. І вось 17 верасня 1939 года пачаўся вызваленчы паход у Заходнюю Беларусь. Зноў была адноўлена Савецкая ўлада. У 1940 годзе правялі першыя выбары ў мясцовыя Саветы. Дэпутатам ад вёскі Мельнікі была абрана Надзея Вячэра. У гэтым жа годзе створаны калгас “8 Сакавіка”. У яго ўваходзілі 7 гаспадарак: Ківачука Савы Фёдаравіча, Ківачук Акуліны Васільеўны, Косіка Кліма Цімафеевіча, Ківачук Еўдакіі Лукінічны, Ківачука Андрэя Цімафеевіча, Мірчука Паўла Герасімавіча, Гаўрылюка Андрэя Іванавіча.
Астатнія сяляне прыглядваліся. Першым старшынёй калгаса стаў Фёдар Данілавіч Камянчук. Восенню 1940 года былі засеяны калгасныя палі, а вясной яны далі добрыя ўсходы. Але ўраджай сабраць не давялося – пачалася Вялікая Айчынная вайна.
На поўнач ад вёскі Мельнікі знаходзіліся часці 75-й стралковай дывізіі. Пасля цяжкіх баёў 24 чэрвеня група байцоў выйшла з лесу паміж Мельнікамі і Хаціславам. На іх шляху была вышыня, на якой знаходзіўся варожы артылерыйскі полк. Воіны вырашылі ўступіць у бой. Узначаліў штурмавую групу камбат Ю.М. Іаглы. Атакавалі немцаў раніцай 25 чэрвеня. Бой быў жорсткім. Шмат воінаў загінула. Сярод іх і маёр Іаглы. Фашысты вырашылі адпомсціць за ўсё мірным жыхарам. Яны ў той жа дзень арыштавалі ў в.Мельнікі 25 заложнікаў і ўсіх расстрялалі. Толькі аднаму 16-гадоваму Сцяпану Міхайлавічу Ківачуку ўдалося застацца жывым. Праз некалькі дзён ворагі, устанавіўшы свой “парадак”, расстралялі і мясцовых камуністаў.
Вёска Мельнікі лічылася ў ворага асаблівай вёскай. Праз яе праходзіла чыгуначная дарога Брэст-Ковель. Да ўсяго вёска знаходзілася на ўскраіне лесу. Ва ўрочышчы “Міхерава” ў канцы 1943 года размяшчалася брыгада асобага прызначэння С.П. Каплуна. Тут быў і партызанскі аэрадром. Шмат аперацый правялі партызаны. Адна з іх – выратаванне польскай дэлегацыі, якая накіроўвалася на перагаворы ў Маскву. Удзельнікам гэтай аперацыі быў жыхар в.Мельнікі Ківачук Сазон Васільевіч. Ён быў сакратаром камсамольскай арганізацыі, якая была створана 7 студзеня 1942 года. У склад яе ўваходзілі хлопцы і дзяўчаты: Ківачук Сазон Васільевіч, Ківачук Мікалай Іванавіч, Пішчык Андрэй Нікадзімавіч, Ківачук Іван Сямёнавіч, Смаль Цімафей Івавіч, Смаль Іван Васільевіч, Власюк Іван. Усе яны рабілі на чыгуначнай дарозе пад наглядам немцаў. Немцы не заўсёды правяралі іх сумкі з абедам, а там калі-некалі ляжалі міны. Камсамольцамі было арганізавана 8 выбухаў. Эшалоны яны не ўзрывалі, а сваімі дзеяннямі надоўга выводзілі са строю чыгунку і парушалі графік руху нямецкіх цягнікоў.
Аб тых днях успамінае Ківачук Сазон Васільевіч:
“Чего только не пришлось пережить за эти четыре года. На глазах убивали… А мне тогда было только 20 лет. Это были годы, когда мечтать бы и творить, учиться… А у нас было одно желание – встать на защиту своей Родины. Уходили на фронт, в леса. Мне было поручено создать комсомольскую организацию, в которую входило ещё 4 человека. Было очень тяжело. Мы были связными партизанского отряда им. Жукова. Постепенно к нам приходила молодёжь. Каждый, кто приходил, клялся беспощадно бить врага, не щадя ни сил, ни жизни. Все хотели попасть в партизанский отряд, но надо было добывать оружие, продукты, сведения о фашистских частях. Кроме этого, мы распространяли в деревнях листовки, объясняли жителям, что оккупация – это временно, что победа будет за нами. И мы не зря боролись».
Не ў сілах справіцца з партызанамі, фашысты здзекаваліся над мірнымі жыхарамі. Ёсць дакументальныя факты, што вёсцы Мельнікі пагражаў лёс Хатыні. Фашысты, за сувязь з партызанамі, планавалі знішчыць вёску разам з жыхарамі. Аднак, дзякуючы партызанам атрада ім.Чарнака, вёска была выратавана. Аб гэтым піша ў сваіх успамінах Васіліса Сямёнаўна Селявонік – былы старшыня Жабінкоўскага антыфашысцкага камітэту Брэсцкай вобласці ў кнізе “В едином строю” (с.60). У Кобрыне ў немцаў рабіў пераводчыкам партызанскі сувязны Юра Шадурскі. Ён перадаваў партызанам звесткі аб тым, калі карацелі будуць выязджаць і куды накіроўваюцца. Аднойчы, у 1943 годзе, ён перадаў у атрад Чарнака аб тым, што гітлераўцы збіраюцца знішчыць вёску Мельнікі. Партызаны наладзілі засаду і разграмілі карнікаў. Вёска Мельнікі і яе жыхары былі выратаваны. Ніякімі рэпрэсіямі вораг не змог зламіць волю народа да свабоды, вызвалення з-пад гітлераўскага ярма. Страшныя злачынствы акупантаў толькі ўзмацнялі нянавісць, імкненне да супраціўлення ў тыле ворага. Мясцовыя жыхары выратоўвалі параненых, палонных і адстаўшых ад сваіх часцей байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, забяспечвалі іх харчаваннем, адзеннем і зброяй, перапраўлялі ў лес салдат і афіцэраў, якія змаглі вырвацца з варожага палону. Многа жыхароў вёскі пайшлі ў партызаны. Партызанамі сталі: Тарас Іванавіч Пішчык, Пелагея Мікалаеўна Ківачук, Андрэй Цімафеевіч Ківачук, сям’я Кліма Косіка і многія іншыя. Ні днём, ні ноччу не давалі яны спакою захопнікам.
31 ліпеня 1943 г. партызаны атрада ім. Жукава ўзарвалі фашысцкі эшалон з тэхнікай і жывой сілай ворага. Для ліквідацыі, пасля дзеяння дыверсій, немцы прыгналі брыгаду рабочых з 17 мясцовымі жыхарамі. У час рамонта партызаны пасярод дня залажылі выбухоўку і ўзарвалі пасажырскі цягнік. Пуцявыя рабочыя ў гэты час абедалі і, калі пабачылі ўзрыў, пачалі адбягаць. Усе яны былі схвачаны немцамі і расстраляны, як заложнікі. Цудам выратаваўся ад смерці Бенясюк Аляксей. Гітлераўцы ўчынілі расправу над сем’ямі партызан. Яны акружылі дом Ківачука Андрэя Цімафеевіча. Маці дома не было, толькі чацвёра дзяцей. Трох дзяцей яны схапілі адразу, а самы маленькі, яму было 4 гады, пабег у кусты. Фашысты натравілі на яго сабаку-аўчарку, якая прывалакла дзіця і кінула да ног фашыстаў. Немцы яго шпурнулі ў павозку і павезлі на чыгунку, дзе расстралялі разам з усімі. Там была расстраляна сям’я Мірчука Цімафея Сцяпанавіча: жонка і чацвёра дзяцей.
У Германію на катаржныя работы фашысты забіралі моладзь. Чатыры доўгіх гады таміліся ў няволі: Вольга Ермалаеўна Вягера, Сцепаніда Максімаўна Саўчук, Соф’я Тарасаўна Галавей, В. Саўчук, П. Кадчык і іншыя. Усе 4 гады яны рабілі на кулака пад горадам Шчэцін.
20 ліпеня 1944 года вёска Мельнікі была вызвалена. Аднак за гэта заплачана сотнямі загінуўшых воінаў, партызан, мірных жыхароў. На вызваленай тэрыторыі пачалі падлічваць раны і страты нанесеныя вайной. Яны былі велізарныя. Усяго па сельсавету загінула 170 чалавек.
Адгрымела, пакацілася на запад вайна. Здавалася, што аб змрочных днях акупацыі павінны былі застацца толькі цяжкія ўспаміны. Але і цяпер было нельга ўздыхнуць на поўныя грудзі. У вёсцы жыла трывога, людзі баяліся выйсці ў цемры на двор, па начам шнарылі банды ўкраінскіх нацыяналістаў. Наперадзе была таксама цяжкая задача – выжыць, не загінуць ад голада ці бандыцкай кулі. Бандэраўцы забілі 6 чалавек з вёскі:
Бошаль Сцяпан Мікітавіч (1896 – 26.10.1946 г.)
Ківачук Аляксей Пятровіч (1912-24.01.1946 г.)
Ківачук Дзмітрый Макаравіч (1909 – 27.04.1947 г.)
Ківачук Васіль Макаравіч (1924 – 27.04.1947 г.)
Ківачук Ануфрый Макаравіч (1930 – 27.04.1947 г.)
Пішчык Сцяпан Мікітавіч, загінуў 20.10.1946 г.
Адчулі на сабе таксама і рэпрэсіі сталінскіх часоў, калі ні ў чым невінаватых людзей вывозілі на Калыму ў таварных вагонах. Так было і з сям’ёй Ігната Ківачука.
Арыштавалі супрацоўнікі НКВД Ігната Паўлавіча, яго жонку Надзею Сямёнаўну, старэйшых дзяцей Івана і Ганну, за сувязь з “Бульбашамі”. Яны часта прыходзілі з лесу за прадуктамі. Калі ім адказвалі, то яны адразу расстрэльвалі ўсю сям’ю. Гэтага баялася сям’я Ігната Паўлавіча і давала хлеб, сала. Дома аставаліся двое маленькіх дзяцей з бабуляй Агрыпінай. У апошні раз Надзея карміла грудзямі свае маленькае дзіця перад супрацоўнікамі НКВД. Ігната Паўлавіча прысудзілі да зняволення 25 гадам, Надзею – 15 гадам, Івана і Ганну – 20 гадам. Вярнуліся яны ўсе па амністыі, пасля смерці Сталіна.
У 1998 г. у вёсцы 306 двароў, 930 жыхароў. Ёсць базавая школа (151 вучань), аддзяленне сувязі, ФАП, ашчадная каса, магазін.
На 01.01.2018 г. у Мельніках пражывае 728 чалавек, колькасць гаспадарак – 277.
Кірылава Таццяна Мікалаеўна, настаўнік геаграфіі і біялогіі
вышэйшай катэгорыі
Деревня милая моя!
Люблю тебя, твои края,
Люблю твой ласковый уют,
И речку Рита, и наш пруд,
Куда в июльскую жару
Лесной тропинкою иду.
Люблю твои леса, поля,
Твои дубы и тополя,
Люблю всех жителей твоих –
Трудолюбивых и простых.
Здесь одноклассники мои
Со мной по жизни вместе шли.
Люблю тебя я и зимой,
Когда везде царит покой,
Когда всё спит спокойным сном,
И озеро покрылось льдом.
За это Мельники люблю,
Без них прожить я не могу.
Но всё равно забыть тебя
Не сможет сердце никогда.
Здесь я родился, здесь живу,
И гордо я сейчас скажу:
В душе моей всегда жива,
Деревня милая моя!
Братчук Ігар, выпускнік Мельніцкай школы
Г. Наша Наташа// Голас часу.- 2016.- 16 сакавіка(№ 19).- C.5.
Светлане САВЧУК / Николай Наумчик // Вечерний Брест. - Малорита, 2018. — 6 апреля. — С.2.
Навумчык, М. Па казачных сцяжынках / Мікалай Навумчык // Настаўніцкая газета. - 14 чэрвеня (№ 67). — С. 4.