top of page

Гiсторыя СВК “Чырвоны партызан”

СВК “Чырвоны партызан”   знаходзiцца ў Маларыцкiм раёне Брэсцкай вобласцi. Размешчаны у 20 км. ад раеннага цэнтра – г.Маларыта.

У састаў гаспадаркi ўваходзяць такiя населеныя пункты – Лукава, Высокае, Грушка, Н.Забалацце, С.Забалацце, Вужова.

У 1948 годзе ў выканкам Лукаўскага сельскага Савета дэпутатаў працоўных сваю першую заяву ў ствараемы калгас напiсаў Iван Мiкiтавiч КРУГЛIК, якi ў той час працаваў старшыней названага органа.

Тэкст заявы:

“Заява ад грамадзянiна I.М. Круглiка ад 25 сакавiка 1948 года.

Разумеючы тое, што калгасны лад есць правiльны лад, якi апраўданы ва усiх адносiнах, як гаспадарчых, так i палiтычных, i што толькi дзякуючы калгаснаму ладу наша краiна выйшла з Вялiкай Айчыннай вайны з нямецка-фашысцкiмi захопнiкамi i японскiмi iмперыялiстамi непераможнай – гэта гаворыць за тое, што сацыялiстычнае вядзенне гаспадаркi есць непераможны i правiльны шлях. А таму я з вялiкай радасцю ўступаю ў калгас пры Лукаўскiм сельскiм Савеце в.Лукава, якi арганiзуецца”.

Акрамя гэтай заявы, у iнiцыятыўную групу па арганiзацыi калгаса iх падалi таксама Iван Аўдзеевiч Алесiюк, Варфаламей Канстанцiнавiч Сцепанюк, Павел Кiрыкавiч Алесiюк, Сiдар Саввiч Чырук, Сцяпан Тарасавiч Хiвук, Федар Федаравiч Кардзялюк, Антон Мiкалаевiч Сцепанюк.

З дапамогай гэтых васьмi чалавек i прадстаўнiкоў раёна  праходзiла агiтацыя жыхароў Лукаўскага сельсавета ў калгас, якi ствараўся. А праз нейкi час на падставе пратакола № 1 агульнага сходу калгаснiкаў в. Лукава  ад 10 студзеня 1949г. быў арганiзаваны калгас на тэрыторыi Лукаўскага сельсавета i зацверджаны рашэннем Маларыцкага райсавета ад 17 студзеня таго ж года   за № 59.

Сяляне в. Лукава добраахвотна аб’ядналiся ў сельскагаспадарчую арцель, каб агульнымi сродкамi вытворчасцi i арганiзаванай працай пабудаваць калектыўную, грамадскую гаспадарку, забяспечыць поўную перамогу над кулакамi, над усiмi эксплуататарамi i ворагамi працоўных, над патрэбай i цемрай, адсталасцю дробнай аднаасобнай гаспадаркi, стварыць высокую прадукцыйнасць працы i зрабiць лепшым жыццё калгаснiкаў.

Ужо ў той час сельскагаспадарчая арцель вяла сваю калектыўную гаспадарку па плану, захоўваючы устаноўкi адпаведных органаў, планы сельгасвытворчасцi i абавязацельствы перад дзяржавай. Яна прымае да дакладнага выканання таксама заданнi сяўбы, уздыму пароў, мiжрадковай апрацоўкi, уборкi, малацьбы i зяблiвага ворыва, якiя складзены з улiкам стану i асаблiвасцяў калгаса, а таксама дзяржаўны план развiцця жывелагадоўлi. Пры гэтым ставiлася задача пашыраць пасяўную плошчу шляхам выкарыстання ўсей зямлi, якая знаходзiлася ў распараджэннi арцелi, паляпшэннi i апрацоўкi закiнутых земляў, уздыму цалiны i правядзення калгаснага землеўпарадкавання, а таксама развiцця ўсiх галiн сельгасвытворчасцi. На тым сходзе было прапанавана абраць старшынёй калгаса аднаго з лепшых гаспадароў. Iм аказаўся Максiм Дзмiтрыевiч ЧЫРУК. Бухгалтарам быў прызначаны Рыгор Iванавiч ЧЫРУК, яго памочнiкам – Рыгор Васiльевiч МIЦЮК.

У 1949 годзе ў створаны калгас «Чырвоны партызан», назву якому прапанаваў I.М. Круглiк, было пададзена 72 заявы.

У 1950 годзе на тэрыторыi весак Ужова, Высокае ствараецца калгас iмя Горкага. Яго старшыней абiраецца Пракоп Карнiлавiч СЦЕПАНЮК. У гэтым жа годзе сюды было пададзена 102 заявы. Адным з першых iх напiсалi: Давыд Максiмавiч Селех, Iван Фамiч Марук, Мiхаiл Федаравiч Мельнiк, Рыгор Iгнатавiч Юхiмук, Сцяпан Якаулевiч Кардзялюк i сам старшыня.

У тым жа годзе у в. Грушка ствараецца калгас iмя  Будзеннага, кiраваць якiм даверылi Паўлу Кузьмiчу Пятручыку. У яго было пададзена 40 заяў. У лiку першых iх падалi: Нiчыпар Iванавiч Сцепанюк, Iгнат Андрэевiч Балiцэвiч, Мiкалай Мiкiтавiч Надзяжук, Андрэй Iгнатавiч Балiцэвiч, а таксама яго першы кiраўнiк.

У в.в. Ст. Забалацце i Н. Забалацце у 1950 годзе арганiзоўваецца калгас iмя Свярдлова. Яго старшыней абiраецца Рыгор Сцяпанавiч МIХАЛЬЧУК. Сюды было пададзена 81 заява. Толькi адзiн важны факт: калi па iншых гаспадарках асноўнай цяглавай сiлай былi валы, то у гэтай гаспадарцы – 58 каней. Ля вытокаў стварэння гаспадаркi стаялi Рыгор Сцяпанавiч Мiхальчук, Аляксей Пiлiпавiч Вашчэнчук, Iларыён Пiлiпавiч Мацюшык, Мiхаiл Уладзiмiравiч Кардзялюк, Сяргей Мяфодзьевiч Алесiюк, Сцяпан Ануфрыевiч Дрымук, Iван Аляксеевiч Сергiевiч.

М.Д. ЧЫРУК працуе старшыней калгаса “Чырвоны партызан” з 1949 г. па 1952 г. Тады ураджайнасць зерневых складала 5,6 ц/га, надой на карову – 1015 кг. У гаспадарцы было 445 галоў жывелы, 195 авечак, 88 свiней, 160 каней.

Па рашэннi Маларыцкага выканаўчага камiтэта гэтыя усе  гаспадаркi адб’ядноўваюцца ў адзiн калгас “Чырвоны партызан”. Старшыней яго становiцца I.М. КРУГЛIК,   якi   ўзначальвае   яго   з    1952   г.   па 1954    г.,    а   намеснiкам -  М.Д. ЧЫРУК. Гаспадарка купляе першы аўтамабiль “палутарку”, прадае жывелу i набывае аўтамабiль ГАЗ-51. Першым вадзiцелем быў Герасiм Пракопавiч Луцук.

Купляецца i ўстанаўлiваецца пiларама. Ствараецца будаўнiчая брыгада, у якой працуюць Андрэй Апанасавiч Кардзялюк, Iван Назаравiч Мiцюк, Рыгор Iгнатавiч Юхiмук, Сяргей Георгiевiч Балiцэвiч, Аляксей Сяменавiч Тарасюк.

Чаго дасягнулi тады у гаспадарцы? Ураджайнасць зерневых склала 5,8 ц/га, надой на карову – 970 кг. У наяўнасцi было 554 галавы буйнай рагатай жывелы, 293 авечкi, 146 свiней, 140 каней.

I справы пайшлi, як па наезджанай каляiне. З 1954 г. па 1958 г. старшыней працуе Фелiкс Адамавiч Садоўскi. У 1957 г. набываецца першы трактар, на якiм працуе Сцяпан Данiлавiч Алесiюк. Ураджайнасць зерневых дасягае 6,1 ц/га, надой на карову – 1280 кг. Гаспадарка ўжо мае 4 аўтамабiлi, налiчваецца 698 галоў буйнай рагатай жывелы, 436 авечак, 200 свiней, 122 коней.

Самая вялiкая працягласць работы ў гаспадарцы ў якасцi кiраўнiка – у Мiкалая Мiхайлавiча БЕЛЯКОВА.

20 гадоў кiраваў калгасам, 20 гадоў жыў калгаснымi справамi i праблемамi. Не апускалiся ў яго рукi, калi ўраджай не ўдаваўся, цi не было чым у полi араць. Ён ведаў, што есць у калгасе цудоўныя людзi, якiя хочуць  працаваць, вырошчваць хлеб i бачыць сваю гаспадарку моцнай i перадавой. А людзi верылi ў старшыню, давяралi яму, старалiся нi ў чым не падвесцi, укладваючы вялiкiя надзеi на кiраўнiка.

Мiкалай Мiхайлавiч памятае той дзень, калi яму ўручылi ордэн Працоўнага Чырвога Сцяга. За што? За ураджайнасць зерневых 10,8 ц/га, якi дасягнуў калгас у 1963 г., i, напэўна, за старшынеўскую стараннасць.

Ураджайнасць 10,8 ц/га – гэта быў рэкорд. Такiх ураджаяў дасягаць тады не ўдавалася нiкому, хiба што адзiнаму ў раёне калгасу “Запаветы Ленiна”. Праўда, гэты калгас быў ужо у лiку моцных i перадавых не адзiным. Да яго далучыўся “Чырвоны партызан”.  Былы старшыня памятае i той дзень, калi з’явiўся ў весцы першы камбайн i як з недаверам адносiлiся да яго сяляне. Ён памятае i ўраджай 50 i больш ц/га, якiх на асноўных участках даводзiлася атрымлiваць. Як памятае ўсе астатняе, што прайшло праз яго жыцце, сэрца за 20 гадоў, на працягу якiх Мiкалай Мiхайлавiч Белякоў узначальваў калгас “Чырвоны партызан”. Кiраўнiк у лiку першых,  хто ў тыя гады, а гэта  1960 г., перавеў калгас на грашовую сiстэму аплаты працы. Энергiчна праводзiлася мелiярацыя зямель.

З 1979 г. па 1980 г. старшыней калгаса вылучаецца Iван Сцяпанавiч МIХАЛЬЧУК. Пагалоўе буйной рагатай жывелы павялiчваецца да 2317 галоў, на палях працуе – 16 аўтамабiляў,  29 трактараў. З 1970 г. па 1981 г. старшыней калгаса “Чырвоны партызан’’ працуе Мiкалай Федаравiч БАРДЫГА. Будуюцца жылыя дамы, расце надой на карову.

Самыя вялiкiя вытворча-фiнансавыя паказчыкi належаць Валерыю Сцяпанавiчу Бялкову , якi ўзначальваў калгас з верасня 1982 г. па студзень 1997 г. У гэтыя гады гаспадарчая дзейнасць атрымлiвае другое дыханне. У в. Ужова ўзводзяцца 3 адкормачнiкi на 300 галоў, у в. Высокае – малочна-таварны комплекс на 400 галоў з кармацэхам КОРК-15. Актыўна будуюцца дарогi. Хуткiмi тэмпамi вядзецца рэканструкцыя фермы, цялятнiка, узводзяцца рамонтна-механiчныя майстэрнi з усiмi кабiнетамi сацкультбыту, перааснашчаецца пiларама, перакамплектоўваецца станкамi сталярны цэх, узводзiцца ўрачэбная амбулаторыя са скверам. Набываюць сваю прыгажосць вулiцы, асаблiва цэнтральная (асфальтаванае пакрыцце, платы, вулiчнае асвятленне i ўязныя знакi). Будуецца вулiца Камсамольская. Адкрываецца першы у раене лазнева-пральны камбiнат з пральняй самаабслугоўвання. Праводзiцца рэканструкцыя пасялковай  кацельнi, у в. Старае Забалацце будуецца насенна-ачышчальная лiнiя, зернесклад на 1000 тон.

Паўсюдна ўзводзяцца жылыя дамы.  Практычна нанава будуецца вагавая гаспадарка. Налiчвалася 54 аўтамабiлi, 55 трактараў. Пагалоўе буйнай рагатай жывелы перавысiла 3,5 тысячы галоў. Гаспадарка па эканамiчнай стабiльнасцi упэўнена ўваходзiла ў тройку лепшых у раёне. Павялiчэнне росту паказчыкаў вытворчасцi сельгаспрадукцыi ў 1983-1985 гг. вызначалася не на дзесяткi, а на сотнi працэнтаў.

Поспехi ў будаўнiцтве вытворчых аб’ектаў, ва умацаваннi матэрыяльна-тэхнiчнай базы гаспадаркi ў значнай ступенi фармiравалiся з дапамогай раеннага камiтэта партыi. Шмат сiл у гэтым плане прыклаў яго першы сакратар Петр Аляксандравiч Якiмчык, а таксама былы начальнiк управлення сельскай гаспадаркi Тадэвуш Аляксандравiч Жыжа.

У студзенi 1997 года на пасаду старшынi калгаса быў абраны Сяргей Яфiмавiч СЦЕПАНЮК. Ён працаваў раней у калгасе iмя Крупскай, спачатку iнжынерам-электрыкам, а затым намеснiкам старшынi. С.Я. Сцепанюк прыйшоў кiраўнiком калгаса ў нялегкiя гады. Што i гаварыць, у спадчыну яму дасталася нялегкая гаспадарка. Ён робiць усе, каб маладыя з вялiкай ахвотай заставалiся ў калгасе. У калгасе будуецца жыллё.

Вельмi шмат сiл, энергii i асабiстага часу ў развiцце вытворчай базы, умацаванне эканамiчнай стабiльнасцi гаспадаркi, добраўпарадкаванне в. Лукава, будаўнiцтва аб’ектаў сацыяльна-бытавога прызначэння ўнес былы начальнiк абласнога ўпраўлення аўтатранспарту Павел Васiльевiч Лабывыкiн. А тады па рашэннi абласнога выканаучага камiтэта гэтая арганiзацыя была замацавана за калгасам “Чырвоны партызан” для аказання шэфскай дапамогi.

Але якая б не была дапамога i колькi яе б не аказвалася, яна не можа параўняцца з працай, якую ўклалi ў развiцце гаспадаркi мясцовыя хлебаробы. Гэта iх мазолiстымi рукамi, якiя працавалi, як гаворыцца, ад зоркi да зоркi, будаваўся, узнiмаўся i набiраў эканамiчную стабiльнасць калгас. Многiх з iх ужо няма  побач. Гэта  актывiст калгаснага руху Мiкалай Саввiч Мiцюк. Былы брыгадзiр быў iнiцыятарам усiх спраў, актыўным памочнiкам. Загiнуў, выратоўваючы калгасную iльносушылку, якая загарэлася.

У калгасе пра Веру Аляксандраўну Стасюк можна пачуць заўседы прыемныя словы павагi. Яна iх заслужыла пленнай працай, шчырымi адносiнамi да працы i людзей. В.А. Стасюк – карэнная жыхарка в. Лукава. Тут нарадзiлася, тут зрабiла свае першыя крокi у самастойнае жыцце. Ей падабалася веска, якая раскiнулася на беразе возера. А  калi пасталела, вырашыла працаваць у жывелагадоўлi. Яна вырошчвала цялят для папаўнення малочнага статку. Радзiма высока ацанiла яе працу, узнагародзiла яе ордэнам Працоўнай Славы III ступенi.

Адным з лепшых аграномаў у нашым раене па праву лiчыцца Леанiд Мiхайлавiч Селех. Такi вывад пацвярджае i той факт, што агранамiчнай службай калгаса найлепшым чынам падрыхтаваны насенны матэрыял. У 2000 годзе Л.М.Селех быў узнагароджаны ганаровай граматай абласнога Совета дэпутатаў за шматгадовую i  добрасумленную працу ў сельскагаспадарчай вытворчасцi, дасягненне высокiх працоўных паказчыкаў, актыўны ўдзел у грамадскiм жыццi.

Сяргей Андрэевiч Герасiмук працуе механiзатрам у калгасе ужо больш за 15 гадоў. Прыйшоў сюды пасля заканчэння прафесiйна-тэхнiчнага вучылiшча. Потым была служба ў армii. Лёс распарадзiўся так, што трапiў ён у Афганiстан, атрымаў, як гаворыцца, загартоўку вайной. Яму пашанцавала, вярнуўся дамоў жывы i зноў пайшоў працаваць у калгас.

Штогод С.А. Герасiмук заняты на ўсiх палявых работах у калгасе: вясною – на ворыве, летам – на уборцы зерня i траў, восенню – на уборцы бульбы i падрыхтоўцы глебы да новага ўраджаю. I на кожным участку працы ён заўседы сярод лепшых, да кожнай справы ставiцца адказна, добрасумленна. Яму, як

умеламу механiзатару, у гаспадарцы давяраюць. I гэты давер ён заўседы апраўдвае.

Iван Арцемамiч Алесiюк у калгасе працуе трактарыстам вось ужо 13 гадоў. Чалавек ён мясцовы, зямлю родную, як кажуць ведае з дзяцiнства, таму любiць яе i на ёй старанна працуе. Вызначаюць Iвана адказнасць за даручаную справу i працавiтасць. Руплiвасцю вызначаецца кожны яго рабочы дзень.

Ганна Пятроўна Балiцэвiч жыве ў в.Лукава. Кожную ранiцу яна спяшаецца на жывелагадоўчы комплекс, дзе працуе цялятнiцай i даглядае за самымi маленькiмi цялятамi. Работа хоць i нялегкая, але дастаўляе ей задавальненне. Кожная маленькая iстота сама па сабе пацешная, i Ганне Пятроўне гэта падабаецца. Таму i iдзе яна кожны раз да сваiх гадаванцаў з надзеяй убачыць iх здаровымi, жвавымi. Сярэднясутачныя прыбаўленнi ў вазе яе цялят складаюць 660 грамаў.

Мiцюк Сцяпан Васiльевiч пачаў працаваць у калгасе з дня яго iснавання. Усе свае жыцце аддаў любiмай справе. Працаваў загадчыкам фермы i галоўным заатэхнiкам. За шматгадовую i добрасумленную працу быў узнагароджаны медалем “За доблестный труд”.

Вольга Васiльеўна Салаўева працуе ў калгасе даяркай з 1966 года. Яна заўседы знаходзiцца ў лiку перадавiкоў. З году ў год яна дабiваецца нядрэнных вынiкаў. Гэтаму садзейнiчае яе руплiвасць i добрасумленнасць. Сваю любоў да працы жанчына перадала многiм маладым даяркам. Жанчына зарэкамендавала сябе выдатным спецыялiстам. За высокiя паказчыкi яна неаднаразова заахвочвалася праўленнем калгаса i была ўзнагароджана медалем “За доблестный труд”.

І такіх працаўнікоў у гаспадарцы не адзін дзесятак. Усе яны заслугоўваюць павагі і пашаны. Толькі дзякуючы іх намаганням гаспадарка брала ўсё новыя і новыя рубяжы. Скажам, ужо ў 2001 годзе лукаўскія земляробы атрымалі рэкордны ўраджай зерневых. Яны занялі першае месца ў раённым спаборніцтве.

7 ліпеня 2002 года адбыўся агульны сход калгаснікаў. Гаспадарка была пераўтворана ў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў (СВК).

Прычым, рашэнне было прынята аднагалосна. Падобнае пераўтварэнне аказалася на карысць усім. У гэтым жа 2002 годзе СВК заняў першае месца ў абласным спаборніцтве па вытворчасці зерня, а праз год – другое месца ў ім. На такім жа месцы лукаўцы аказаліся ў раённым спаборніцтве 2004 года. І трэцяе месца занялі ў ім у 2005 годзе. У 2006 годзе яны былі першымі ў раённым спаборніцтве па нарыхтоўцы кармоў, а праз год – пераможцамі ў рэспубліканскім спаборніцтве.

З 2004 года земляробы пачалі вырошчваць цыбулю. Атрымалі значны грашовы даход. Скажам, ураджайнасць гэтай культуры ўжо ў 2007 годзе дасягнула амаль 100 цнт з га.   Валавы збор зерневых і зернебабовых культур у гэтым годзе склаў 2748 т супраць 2463 т у 2001 годзе. На сотні тон павялічыліся валавыя зборы бульбы, агародніны і кармавых караняплодаў. Гаспадарка прадала дзяржаве 1914 т збожжа супраць 1041 т у 2001 годзе.

Разам з гэтым узрастала валавая вытворчаць прадукцыі жывёлагадоўлі. У 2007 годзе было надоена 3614 т малака у той час, як у 2001 годзе – 1157 т. Дзяржаве было рэалізавана 3702 т малака (у 2001 годзе  - 2089 т).

У 2008 годзе гаспадарка налічвала 30 трактароў, 31 аўтамабіль, 6 зернеўборачных камбайнаў. У гэтым жа годзе тут абслугоўвалася 2629 галоў буйной рагатай жывёлы (у 2001 годзе – 1944 галоў), у тым ліку 850 кароў (у 2001 годзе – 820 галоў). Утрымлівалася 191 галава свіней, было 50 пчоласем’яў, 22 кані. На год раней у гаспадарцы ўпершыню з’явіліся свае даяркі-чатырохтысячніцы. Імі сталі Вольга Васільеўна Джура і Наталля Анатольеўна Джура. Ад кожнай каровы сваёй групы яны атрымалі адпаведна па 4786 і 4429 кг малочнай прадукцыі. На дарошчванні маладняку першанствуюць Васіль Сцяпанавіч Ківачук і Марыя Іванаўна Міхальчук, якія дабіліся адпаведна за год па 736 і 717 грамаў сярэднясутачнага прыбаўлення ў вазе ад сваіх кормнікаў.

Не падводзіць у рабоце трактарыст Васіль Серафімавіч Пятручык. У 2007 годзе ён выпрацаваў 3768 умоўных эталонных гектараў. У гэтым жа годзе вызначыўся вадзіцель Мікалай Іванавіч Анішчук. На сваім аўтамабілі ён выпрацаваў за год 264327 т/км.

Дарэчы, за самаадданую працу ў роднай гаспадарцы ў розныя гады многія атрымалі ўрадавыя ўзнагароды:

Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга

Механізатар Іван Іванавіч Марук

Брыгадзір Сцяпан Максімавіч Чырук

Ордэн Працоўнай Славы III ступені

Механізатар Мікалай Васільевіч Гаркаўчук

Механізатар Міхаіл Дзям’янавіч Ефімук 

Механізатар Васіль Серафімавіч Пятручык

Механізатар Васіль Давідавіч Селех

Жывёлавод Вера Аляксандраўна Стасюк.

Свае працоўныя поспехі гаспадарка замацавала ў 2008 годзе. Зладжана ідуць справы на ўсіх вытворчых участках, дзе агранамічную службу ўзначальвае Міхаіл Пятровіч Наскевіч, заатэхнічную – Аляксандр Васільевіч Кулічык, інжынерную службу – Сяргей Мікалаевіч Сцепанюк. На пасадзе галоўнага ветэрынарнага ўрача працуе Уладзімір Аляксеевіч Гаргун, галоўным бухгалтарам – Таццяна Сцяпанаўна Кулічык, галоўным эканамістам на працягу не аднаго дзесятка гадоў – Марыя Іванаўна Бенясюк.

У гаспадарцы (2009 год) налічваецца 541 двор, дзе пражывае 1207 членаў СВК, з якіх 544 чалавекі – працаздольныя. У  СВК  ёсць адна трактарна-паляводчая і адна будаўнічая брыгады, 6 жывёлагадоўчых фермаў. Агульная зямельная плошча складае 4754 га, з якіх пад сельгасугоддзямі занята 3835 га.

На тэрыторыi СВК размешчаны: сельскi  Савет, сярдняя школа, дзiцячы сад-яслi,  СДК,  тры бiблiятэкi, ФАП, тры магазiны,  аддзяленне сувязi, ашчадная каса, КБА.

Запісана са слоў старажылаў бібліятэкарам Л.С.Анішчук.

bottom of page