top of page

Этнография

Абрады нашай мясцовасці

Я беларуска. Нарадзілася і вырасла ў цудоўным краі - у вёсцы Мельнікі Маларыцкага раёна  Брэсцкай  вобласці. Тут мае карані. Гэта зямля маіх продкаў. Наша вёска багата на таленты, есць у ёй і свае 

пявунні: Косік Я.Ф., Пішчык М.А., Саўчук М.П., Мішчук А.К., Ківачук Л.Б. і іншыя.

І вось што расказала Саўчук М.П. “Піліпаўка пачыналася 28 лістапада, прыпадала на самы змрочны час года, калі і дзень кароткі  і ноч бяссонная.

У Піліпаўскія вечары людзі збіраліся ў хатах. Мужчыны займаліся рамяством: выраблялі патрэбныя прылады: бочкі, цэбры, плялі лапці, кошыкі. Жанчыны апрацоўвалі лён, а потым пралі  (што ў Піліпаўку спрадзеш, тое ў Вялікі пост сатчэш).

Тое, што ў хаце на доўгі час збіралася шматлюдная, шматпакаленная сям'я,  мела вялікае значэнне ў духоўным жыцці. Тут перадаваўся жыццёвы вопыт, народная мудрасць. Дзядулі і бабулі расказвалі ўнукам бясконцыя казкі, легенды, вучылі адгадваць загадкі, паказвалі прыёмы рамяства - з карысцю і цікава за работай бавілі час.

Дарослая моладзь гуртавалася ў асобныя групы - “попрадкі”, дзе панавала  жыццярадасная 

атмасфера.

На Піліпаўскі пост прыпадаў дзень святога Андрэя (30 лістапада), на  які дзеўкі  варажылі  на будучага жаніха, стараліся ўгадаць, прысніць яго.

3 варожбаў найбольш вялікае было “сеянне канапель (маку)”,  калі прыгаворвалі: «На святога  Андрэйку сею канапельку, хачу знаць, з кім век векаваць. Хто мне суджаны, прыйдзі канапельку рваць» альбо «Святы Андрэю, я ячмень сею, дай жа ты мне знаць, з кім буду жаць».

Пасля ў маўчанні трэба было легчы спаць - мілы павінен з’явіцца ў сне.  Шмат весялосці было назаўтра, калі якой дзяўчыне ў сне з’явіўся кульгавы стары пастух ці сівы дзед.

На “попрадках”,  прадучы, жанчыны неўпрыкметку пачыналі  спяваць песні, адпаведныя рытму іх  работы і агульнаму настрою (усё залежыла ад традыцый, складу характару сям’і). Прыдатнымі лічыліся песні рэлігійнай тэматыкі.

”Ой, у саду, у саду

Мак расцвітае.

Святы вечар,

Мак расцвітае…”

Аднак большасць песень дыктавалася рэаліямі дня: бясконцым прадзівам, калі пад манатоннае шураценне калаўротаў ці верацёнаў хацелася спаць. Каб разагнань санлівасць, спявалі часам жартоўныя песні. Напрыклад:

“Ой на ставу, на ставочку, на ставу.”

Былі песні пра няспраўджанасць кахання.

Напрыклад: ”Па-над гаем, зялёненькім”

Такім чынам, Піліпаўка мела істотнае значэнне ў накапленні песень розных жанраў, прыдатных для выканання ў памяшканнях падчас доўгіх “сядзячых работ”. Марыя Паўлаўна і Сцяпан Міхайлавіч, праспявалі некаторыя з іх.

Вось яны...

“Ой там, пад дубам, пад дубыною”

“Свяці месяц, зоры …” 

і іншыя. Песні бываюць працоўныя, абрадавыя, гістарычныя, лірычныя”.

 

Вяселле.... Вяселле пачыналася з “вяночкаў”. Вечарам у хаце  нявесты збіраліся  яе сяброўкі.  Рыхтавалі вясельнае ўбранне: рабілі з каляровай паперы кветкі сватам, маладым, гасцям, звівалі вянок маладой з барвынку. Родны бацька асвячаў гэты вянок і дзяжу, у якой хросная маці нявесты будзе мясіць каравай. Маладая прыносіла вядро вады з калодзежа і ставіла пад стол. Хросная мыла рукі ў гэтай вадзе і пачынала мясіць цеста. Дзяўчына і жанчыны спявалі песню:

-Зачынаецца, пачынаецца  ўсё добрае дзілычко.

У нашай Марыны, маладзенькае, добрае вяселечка.

Бог ёй дае, Бог ён дае, батэнько спамагае.

Чаго не стане, чаго не будзе - бацька дабудзе.

Наша дзежачка рагоча, караваю хоча.

Каравайчык дбайце, да печы давайце...

Замясіўшы каравай, чакалі, пакуль цеста падыдзе. Перахрысціўшы печ і каравай, хросная маці ставіць каравай у печ. Памыўшы рукі ў вадзе, аддае вядро маладой, якая нясе гэтую ваду карове ў хлеў, каб тая выпіла. Хросная мокрымі рукамі стараецца датыкнуцца да твараў мужчын, хлопцаў.

Потым сядаюць вячэраць і, пажадаўшы добрай ночы маладой, разыходзяцца. Каравай у печы знаходзіцца цэлую ноч. Раніцай дастаюць. Каравай гатоў.

Першы дзень - вянчанне.

У хату маладой уваходзяць малады (жаніх), сват (хросны бацька маладога), стараста (родзіч жаніха). Яны прыходзяць з боханам хлеба на рушніку.  Сяброўкі - дружкі  павязваюць сватам ручнікі і  прыкольваюць кветкі, а маладому – самую  прыгожую кветку.  Сядаюць за стол, снедаюць.  Сват ручніком звязвае маладым рукі і абводзіць вакол стала 3 разы. Маці і бацька здымаюць са сцяны абразы і перахрысціўшы імі, даюць маладым у рукі. Сват выводзіць маладых з хаты на вуліцу, дзе іх чакае тройка запрэжаных коней. Дугі ўпрыгожаны кветкамі, стужкамі.

Маладыя едуць у царкву, дзе вянчаюцца. Пасля вянчання вяселле едзе з песнямі да хатьі нявесты.

Ой, мае мілы ворогі, не пераходзце дарогі.

Няхай пяпрэйдзе гасподзь Бог, а

Мой батэйка напэрод.

Бацька з маці сустракаюць ля хаты маладых: у бацькі - графін з гарэлкай, у маці паднос, засланы абрусам, на якім хлеб, чаркі і мед. Бацькі віншуюць маладых з вянчаннем, даюць выпіць і закусіць, частуюць мёдам, каб жыццё маладых было салодкім, запрашаюць за стол. Госці п’юць, ядуць, спяваюць, танцуюць.

Пад вечар сяброўкі праводзяць маладога за баярамі (раднёй). Нявеста налівае чарку маладому, дае закусіць, пад руку кладзе падарунак маці жаніха, а сама вяртаецца ў хату.

Жанчыны спяваюць:

За гору сонца заходзіць

Марына Ваню праводзіць - 2 разы

Завяла яго за гору

За зялену дуброву

Вярнісь, Марына, дадому.

Заўтра прыеду з сястрою.

Забяру цябе з сабою.

Нясу мацёнцы падарачак.

Тонкі, бяленькі сувялечак.

Ой, годы, годы я ждаты

Хачу Марыну я ўзяты...

Вечарам малады збірае сваю радню (баяр). Свахі месяць з хроснай маладога каравай, ставяць у печ, пасля гэтага госці маладога (баяр) едуць да нявесты. Маладая з братам сядзіць за сталом. Жаніх са сватамі выкупляе нявесту.  Згадаіўшыся з цаною, брат забірае грошы і выходзіць з-за стала. На яго месца, побач з маладой, сядае жаніх і госці маладога. П’юць, гуляюць да апоўначы.

За сталом сядзяць госці маладога. Свахі ад маладой падыходзяць да іх, да хроснай маці жаніха і просяць сыру, спяваючы:

Наша сваха з Оріхова

На барановы прыіхала.

Наша сваха лыныва,

Нам сыру ны злыпыла.

Адказваюць свахі маладога:

Наша сваха ны лыныва,

По траву ходыла,

Тылетко кормыла,

I нам сыра злыпыла.

Баяры аддаюць сыр. Гарэлку, булку спяваючым. Тыя адыходзяць.  Вяселле прадоўжваецца... Потым рыхтуюцца да перапою.

Старшы сват апранае на галаву вянок з барвынку. Пастух (родзіч маладога)  бярэ палена, стукае ў вушак і крычыць: “Роду, роду, да перапою! За час, за два не прынімаю”

Свахі спяваюць песню:

3 раю, з раю сонца сзыходзіць.

Малада Марына на пасаг сядае.

Просыть батэйка до ўспомагання.

А, мой батэйка, вспоможе мэнэ.

Вспоможэ мэнэ копою жыта.

Копою жыта, шчаслывым бытом.

Шчасцем, здароўем, долею дабрэю...

Пад музыку выходзіць з каморы сват і над галавою трымае каравай. Танцуючы, прыносіць на стол каравай. Гарэлкай мые рукі, выцірае ў ручнік і чакае бацьку з маці. Бацька хрысціць каравай, устаўляе нож і перапівае, за ім маці і ўсе астатнія.

Віншуюць, выказваюць пажаданні, кладуць грошы або падарунак. Маладыя наліваюць гарэлку, госці выпіваюць і атрымліваюць каравай.

Вось некаторыя пажаданні:

кладу грошы, каб былі дзеці харошы.

кладу на 4 канты, каб было 4 сыны - і ўсе музыканты

перапіваю і кладу палена бярозы, каб малады прыходзіў дадому цвярозы.

Пасля перапоя маці нявесты завязвае хустку з грашыма, абвівае ёй 3 разы вакол галоў маладых, дае за пазуху маладой.

Бацька здымае ікону і дае маладому. Маці накідвае на плечы маладой пакрывала (белы матэрыял), дае ў рукі хлеб. Сват, абводзячы маладых 3 разы вакол стала, выводзіць з хаты.

Свахі спяваюць:

Выгрыбай, маты, жер, жер.

Чы тобі дочкі не жаль?

Клады, маты, в піч дрова.

Бувай, маты здарова.

Вяселле з музыкамі (адзін на гармоніку, другі - на бубне), з песнямі едзе да хаты маладога...

Вось такім было вяселле ў 50-я гады ў нашай вёсцы Мельнікі.  На жаль.  Сёння,  пабываўшы на  вяселлі, мы не пачуем ніводнай абрадавай вясельнай песні, а толькі надакучлівы голас крыклівага тамады і надта гучную музыку. Знік гармонік, бубен. Знікла тая весялосць, якая панавала ў гады маладосці нашых бабуль і дзядуль.

Народная творчасць, няпісанная і нікім да канца не прачытаная, чароўная, мудрая кніга.

Мінаюць і аддаляюцца дзесяцігоддзі, чалавецтва выходзіць на новыя рубяжы, а радкі гэтай кнігі, выказаныя стагоддзі таму назад, не старэюць.

I будуць жыць, узбагачаць нашы розумы і сэрцы, вучыць нас дабру і справядлівасці, самаадданай любові да роднай краіны і свайго народа.

Спакон вякоў пяе народ,

I песні б'юць жывой крыніцай.

Мы з плыні тых крыштальных вод

Спяшым з прыемнасцю напіцца.

Спадчына - гэта родная мова,

Бацькаўшчына!

Ківачук Алёна Віктараўна

Смаль Ніна Сцяпанаўна,  былая настаўніца  беларускай мовы і літаратуры

bottom of page