top of page

Фальклор

Грай, гармонік, гучы прыпеўка!

Наша Мельніцкая прыпеўка ў мінулым была цесна звязана з танцам і выконвалася часцей за ўсё як прыпеў да яго.

Раней ў Мельніках клуба не было (яго і цяпер няма). Моладзі было вельмі многа і яны танчылі на масту, які раздзяляў вёску на 2 часткі: «тыхаты» і «кывакы». Мост быў драўляны, перад танцамі яго заўсёды чыста падмяталі. Па вечарах у святы тут збіраліся хлопцы і дзяўчаты, жанатыя парубкі і маладзіцы. Любімы танец нашых прабабуль СЕРБІЯНОЧКА.

Наша вёска багата на таленты, былі і ёсць у ёй і ўмелыя гарманісты:  Косік Сяргей Дзям’янавіч, Саўчук Іван Ануфрыевіч, Ківачук Пётр Піліпавіч, Саўчук Сяргей Сямёнавіч, Іолап Фёдар Іванавіч і іншыя.

Былі і свае цудоўныя галасістыя пявунні: Косік Яфімія Філімонаўна, Пішчык Марыя Аляксандраўна, Саўчук Марыя Паўлаўна і другія.

Сутнасць танца с прыпеўкамі заключалася ў наступным: залівіста граў гармонік “Сербіянку”, уключаўся ў такт бубен. На круг выходзілі 2 дзяўчыны і спявалі навыперадкі: хто больш і прыгажэй.

“Ой, сяброўка выхадзі,

Бо я уж вышла.

Зычна песню запевай,

Каб было слышно.

Сербніяначку плясала

- Увідал меня отец.

До роботы ты лыныва,

А плясать- ты, молодец!

***

Сербіянка, сербіянка!

Что насеребряніла?

Сама чорна, як цыганка.

Губы нарумяніла.

Сербіяначку плясаць

- Трэба песен многа ведаць

А я знаю только тры

- Выхадзі, сяброўка, ты!”

Потым у гэты гурт улівалася трэцяя, чацвёртая - а потым усе жадаючыя.  I спявалі, адначасова танцавалі, прытопываючы, хто як ўмеў - і так аж да самых першых пеўняў. Ідучы дахаты, тыя ж самыя дзяўчаты спявалі праз ўсю вёску.

Другая разнавіднасць прыпевак - «страданія». Гарманіст грае, дзяўчына спявае: спачатку павольна, а потым хутчэй.

Тэматычнае кола прыпевак надзвычай шырокае, разнастайнае, як і само жыццё. Прыпеўкі ёсць сацыяльныя, пра салдатчыну, ваенныя.

Вось некаторыя прыпеўкі, запісаныя са слоў мельніцкіх пявунній - Косік Яфіміі Філімонаўны, Косік Валянціны

Узялі брата ў салдаты,

Узялі тры набора:

Узялі брата, узялі бацьку,

Узялі ўхажора

Узялі брата ў салдаты

А мілёнка - на вайну.

Я па брату плакаць буду.

Па мілым - з ума зыйду.

Ой вайна, ты вайна.

Ты меня абідзела.

Ты заставіла любіць,

Каго я ненавідзела.

Або

Оц, я ў бацькі была-

Легенька рабіла:

Сіву гуску на матузку

Да вады ганіла.

А тэпэр я вэлыка.

Мэні трэба чоловіка

Не староца, не малога-

Кавалера маладога.

 

Саўчук Марыя Паўлаўна ўспамінае:

-Весела жылі. Характэрна было для нас тое, што, ідучы на работу, спявалі. Вяртаючыся з працы, негледзячы на стомленасць - таксама спявалі.

Шыла кофту, шыла кофту,

Шыла з адваротамі.

Усю ночку прасядзела

3 мілым пад варотамі.

Вось так весела, з прыпеўкамі, жылі нашы продкі. Але ўсё ж такі асноўная тэма прыпевак - каханне.

А за лесам, за лясом,

Плача дзеўка галасом.

Яна плача і равець -

Ніхто замуж не бярэць.

Я на ганку стою

Слезы коцяцца

Дзеўкі замуж ідуць

Мэні хочэцця.

На вяселлі ў Мельніках: полька - з прыпеўкамі, кракавяк - з прыпеўкамі. Без іх не абыходзілася ні адно ігрышча, ні адно гулянне, вяселле, вечарынка. Прыпевак безліч. Яны спяваюцца ўсюды і заўсёды.

Мы павінны ведаць, шанаваць песні, прыпеўкі, казкі, паданні роднага краю.

Кивачук Вера Онуфриевна

Мищук Апполинария

bottom of page