ВЕХИ ПАМЯТИ И СЛАВЫ:
Великая Отечественная война в истории Малоритчины
Деревня Новый двор
«Жизнь прожить»
Паабапал адзінай вуліцы Зялёная, што ў Новым Двары, стаяць замеценыя снегам хаты. Нават не верыцца, што не так даўно тут віравала жыццё, працавалі школа і бібліятэка, малочнатаварная ферма. Цяпер навокал пануе цішыня. Калі б не расчышчаная ад снегу дарога ды пратаптаныя сцяжынкі да некалькіх хат, можна было б падумаць, што тут увогуле ніхто не жыве. Як сказалі ў Чарнянскім сельвыканкаме, у Новым Двары зарэгістравана 14 чалавек, але пастаянна пражывае яшчэ менш людзей.
Стараста
Галіна Клебановіч на працягу 6 гадоў з’яўляецца старастай аджываючай свой няпросты век вёсачкі Новы Двор. Найперш да яе па розных патрэбах звяртаюцца вяскоўцы. А пытанні з году ў год адны і тыя ж: каб своечасова была прагрэйдзіравана дарога, па графіку хадзіў аўтобус, камусьці дрэва трэба спілаваць ці дапамагчы дроў выпісаць.
Галіна Анатольеўна з мужам, бадай, самыя маладыя жыхары Новага Двара. Самі, лічы, што мясцовыя. Жылі нейкі час у Брэсце. У складаныя 90-я гады мінулага стагоддзя вырашылі пакінуць
горад і перабрацца ў вёску. Купілі дом, дзе калісьці была бібліятэка, завялі сваю гаспадарку. Галіна Анатольеўна ўладкавалася на ферму даглядчыцай, затым працавала загадчыцай, потым пайшла ў паляводы, а зараз зноўку даглядае бычкоў.
— Цяжка тады жылося ў горадзе, ды яшчэ з дзвюма малымі дзецьмі на руках, — прыгадвае стараста. – Зусім не шкадуем, што пераехалі з абласнога цэнтра ў глыбінку. Вёска шмат ў чым дапамагла і шмат чаму навучыла.
Клебановічы і зараз трымаюць дзвюх кароў. Гаспадар малако возіць у Чарняны, там і здае на Кобрынскі малаказавод. Набываюць малако і вяскоўцы. Аўталаўка хоць і прыходзіць тры разы на тыдзень, прывозіць свежыя прадукты, а малако ад свойскай кароўкі ўсё ж такі намнога смачнейшае. “Жыць у вёсцы можна, але трэба шмат працаваць, — лічыць Галіна Клебановіч. — Прычым без выхадных і святаў”. Таму і пусцеюць хаты, бо старыя паміраюць, а маладыя ў пошуках лёгкай долі з’язджаюць у гарады. Апусцелыя сядзібы асабліва не купляюць нават у якасці дач.
— Праўда, нядаўна адзін дом набыў нехта з Брэста. – працягвае гаворку жанчына. – Але пакуль яшчэ нічога там не рабіў. А так у асноўным жывуць адны састарэлыя. Некаторых дзеці забралі да сябе на зімоўку. Напрыклад, нашага старажыла, вязня часоў Вялікай Айчыннай вайны. Аляксандр Ігнатавіч Літвінюк цяпер жыве ў дачкі ў Кобрыне. Дзядуля размяняў соты дзясятак і ўжо з цяжкасцю можа клапаціцца пра сябе. У сына жыве і 93-гадовая Алена Рабчынская.
Дзед і ўнук
— Вось хата яшчэ аднаго нашага старажыла, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Рыгоравіча Герасевіча, — падводзячы да зграбненькага дома, кажа стараста. Па пратаптанай сцяжынцы падыходзім да весніц, абіваем на парозе снег з абутку і трапляем ў невялічкі пакойчык, палову якога займае дыхтоўная печ.
Нечаканым гасцям, здаецца, тут рады. Міхаіл Рыгоравіч інвалід першай групы. Некалькі гадоў таму яму ампутавалі нагу, і ён перамяшчаецца толькі ў калясцы. Дзядулю пастаянна даглядае ўнук Міхаіл Бакацюк.
Цяжкі лёс выпаў на долю дзядулі. Яго юначыя гады апаліла сваім смяротным дыханнем вайна, потым была мабілізацыя ў рады Чырвонай Арміі. Праўда, трапіў у запасныя войскі, пакуль вучылі навабранцаў вай-сковай справе, надышоў светлы і доўгачаканы Дзень Перамогі. Але служба ў войску для Міхаіла працягвалася яшчэ прыкладна год у далёкай Сярэдняй Азіі, у Самаркандзе. Затым дэмабілізацыя і доўгая дарога дадому. Сустракалі на радзіме салдата горача, шчаслівыя бацькі не хавалі слёз радасці. У халасцяках Міхаіл доўга не хадзіў, узяў шлюб з дзяўчынай Аленай. Разам шчыравалі ў калгасе, будаваліся, гадавалі адзіную дачушку. У сям’ю Герасевічаў бяда прыйшла нечакана: заўчасна памерла іх дачка Марыйка, пакінуўшы дваіх дзетак – Міхаіла і Алену. Паплакалі, пабедавалі бацькі над няўдалым лёсам сваёй Марыйкі, але слязамі гору не дапаможаш, узялі на выхаванне ўнукаў. Хоць і цяжка было, але выгадавалі, вывелі ў свет. Радаваліся іх поспехам, перажывалі разам няўдачы.
Дарослымі сталі ўнукі, нямоглымі і старэнькімі – дзядуля з бабуляй.
— 22 гады я жыву ў Новым Двары і даглядаю дзядулю, — кажа ўнук Міхаіл. – Дзесяць гадоў таму памерла бабуля, дзед зусім аслаб. Зараз я яго не пакідаю ні на хвілінку, імкнуся заўсёды быць побач. Дзед мала таго, што не ходзіць, дык у апошні час зрок пачаў губляць. Амаль нічога не бачыць, добра, што яшчэ чуе. Летам лягчэй, вывезу яго на вуліцу, каб падыхаў свежым паветрам, птушак паслухаў. Узімку ў асноўным дома. Тэлевізар уключаю, дзед вельмі любіць слухаць перадачы пра розныя судовыя справы.
Усё ў свеце ўзаемазвязана. Дзядуля ў свой час не адмовіўся ад унука, выгадаваў яго, цяпер настала чарга Міхаіла клапаціцца пра дзядулю. Пагадзіцеся, не кожны мужчына змог бы так даглядаць блізкага чалавека.
— Нічога, дзядуля, мы яшчэ пажывём, — падбадзёрваючы Міхаіла Рыгоравіча, кажа ўнук і дадае: — На лета запланавалі ў дзедавым пакоі рамонт зрабіць. Вось і фарбу са шпалерамі купілі. А вечарамі плануем, дзе і што будзем сёлетняй вясной садзіць у агародчыку. Нам удвух з дзедам нямнога трэба, але ў нас яшчэ ёсць невялічкі статак авечак. Акрамя сена, яны не грэбуюць паласавацца морквай ці рэпай.
Вось у такіх штодзённых клопатах і працякаюць дні за днямі. Незаўважна пройдзе зіма і паціху ажыве Новы Двор.
Як жывеш, ветэран працы?— Адкуль у вёскі такая назва – Новы Двор? – пытаюся яшчэ ў аднаго мясцовага жыхара, старажыла Пятра Пятровіча Рабчынскага. З хвілінку памаўчаўшы, дзядуля кажа, што калісьці жылі тут два паны. Маёнтак старэйшага пана меў назву Стары Двор, а маладзейшага – Новы Двор. Ці то прайгралі ў карты паны сваю маёмасць, ці справы ішлі не вельмі, але абодва фальваркі былі распрададзены. Зямлю Новага Двара
выкупілі 4 сям’і, выхадцы з Пружанскага раёна. Таму і пайшлі сяліцца тут людзі з прозвішчамі Рабчынскія, Улезла, Гарастовіч і Літвінюк.
Пётр Пятровіч Рабчынскі – цікавы суразмоўца. Праз год дзядуля адзначыць свой 80-гадовы юбілей. Але, на першы погляд, мужчына выглядае
маладзей. Нават не верыцца, што жыве ён адзін. У хаце чысцютка, на дварэ – парадак.
— 11 гадоў таму пахаваў сваю жонку Марыю Іосіфаўну, — з сумам у голасе кажа мужчына. – Вось так і жыву адзін. Добра, што дзеці побач. Сын пасяліўся ў Дарапеевічах, у СВК працуе механізатарам. Дачка выйшла замуж у Чарняны.
Пётр Пятровіч – ветэран працы. Амаль 44 гады аддаў ён мясцовай гаспадарцы. На якіх трактарах яму толькі не даводзілася працаваць! Пачынаў на гусенічным, трыццаць гадоў шчыраваў на МТЗ-52. Кожны лапічак поля ён ведае як свае пяць пальцаў.
— Што ні кажы, а цяпер намнога лягчэй працаваць, нават тым жа механізатарам, — разважае ветэран. – Тэхніка магутная, энергаэфектыўная, кіраваць якой адно задавальненне. А раней выходзіш у поле на тым жа гусенічным трактары і працуеш да цёмнай ночы. Усё трасецца, бразгоча. У кабіне духата, пыл стаіць. І так больш за сорак з гакам гадоў.
Пётр Пятровіч крыху крыўдзіцца на сельгаспрадпрыемства: столькі гадоў адпрацаваў, а хоць бы паштоўку якую-небудзь прыслалі на прафесійнае свята ці дзень нараджэння, пацікавіліся, як жывецца ветэрану працы. Ды і не трэба яму асаблівых падарункаў, галоўнае – увага, адчуванне, што яго памятаюць і шануюць.
Кацярына Яцушкевіч
Голас часу . 2019. 26 студзеня (№7). С. 9.
Медаль як напамін пра баявое юнацтва
У юбілейны год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Прэзідэнт краіны падпісаў указ аб узнагароджанні медалём “70 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, вязняў фашысцкіх канцлагераў, турмаў і гетта. У нашым раёне гэтую высокую ўзнагароду дзяржавы атрымаюць 75 жывых удзельнікаў і сведкаў ваенных падзей.
З кожным годам тых людзей, якія са зброяй у руках вызвалялі Радзіму ад фашызму, змагаліся за мірную яе будучыню, становіцца ўсё менш і менш. У Чарнянскім сельсавеце такіх усяго пяць чалавек. Мікалай Аляксандравіч Трацюк і Іван Андрэевіч
Карабчук з вёскі Чарняны – былыя партызаны. Яны і сёння памятаюць, якімі цяжкімі былі баявыя паходы і якімі жорсткімі – баі. Добра памятае пераможны май 1945-га і Міхаіл Рыгоравіч Герасевіч з вёскі Новы Двор. Разам з іншымі байцамі прайшоў ён Венгрыю, Югаславію, а радасны дзень заканчэння вайны сустрэў у аўстрыйскай Вене.Няпросты лёс выпаў на долю Аляксандра Ігнатавіча Літвінюка з вёскі Новы Двор і Надзеі Іосіфаўны Вакульскай з вёскі Субаты. Іх вывезлі немцы на чужыну, у Германію, дзе кожны дзень быў для вязняў цяжкім выпрабаваннем. Каб уручыць усім гэтым людзям юбілейныя медалі, у дом кожнага з іх наведалася цэлая дэлегацыя. Ваенны камісар раёна Алег Шышацкі, старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Бойка, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Аляксей Дзямінскі, старшыня Чарнянскага сельвыканкама Аляксандр Пятручык віншавалі ветэранаў з узнагародай, дзякавалі за мір, які яны адстаялі, а вучні Чарнянскай СШ дарылі ветэранам кветкі і ўважліва слухалі іх расказы пра вайну.
Святлана МАКСІМУК.
Фота аўтара.
Голас часу. 2014. 11 чэрвеня. С. 3.