ВЕХИ ПАМЯТИ И СЛАВЫ:
Великая Отечественная война в истории Малоритчины
Деревня Ланская
Вольга Бабура: “Для нашай сям’і Фёдар Маруда стаў родным”
Імя партызана Фёдара Маруды ў Маларыцкім раёне добра вядомае. Яго імем названа адна з вуліц, што ў райцэнтры. На Ланскім сельскім Доме культуры ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар мужнага воіна. Фёдар Яфімавіч не дажыў літаральна некалькі дзён да вызвалення Маларытчыны ад нацысцкай навалы. Ён загінуў пры выкананні баявога задання ў вёсцы Ланская 7 ліпеня 1944 года.
На месцы яго гібелі ўстаноўлены памятны знак, а яго імя занесена ў Кнігу народнай славы Маларыцкага раёна. Фёдар Маруда пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені.
Героямі не нараджаюцца
Лёс непрадказальны. Наўрад ці думаў калі Фёдар Маруда з рускага пасёлка Аляксандраўка Арэнбургскай вобласці, што наканавана яму будзе зведаць усе кругі пекла фашысцкага канцлагера, збегчы адтуль, прайсці тысячы кіламетраў па акупаванай ворагам Еўропе, знайсці паплечнікаў-барацьбітоў на Маларытчыне і, да апошняга дыхання змагаючыся з ненавісным ворагам, аддаць за Перамогу сваё жыццё. Ён нарадзіўся ў звычайнай сялянскай сям’і. Закончыўшы сямігодку, Фёдар, каб не сядзець на шыі ў бацькоў, уладкоўваецца ўчотчыкам на ферму саўгаса імя Карла Лібкнехта. Звязваць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай няўрымсліваму Фёдару не хацелася. Яго вабіў свет, які змяняўся літаральна на вачах. Гэта быў час вялікіх магчымасцяў, мар і амбіцый.
Фёдар нядоўга раздумваў, калі яму па камсамольскай пуцёўцы прапанавалі прыняць удзел у будоўлі Орска. Напэўна, гэта былі самыя шчаслівыя гады ў жыцці будучага воіна і партызана. Яшчэ нічога не прадвяшчала вайны, ударнымі тэмпамі ў савецкай краіне ўзводзіліся новыя індустрыяльныя гарады і пасёлкі. Калі Фёдару споўніўся 21 год, яго прызываюць на службу ў рады Чырвонай Арміі. У 1940 годзе ён заканчвае афіцэрскія курсы і ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны атрымоўвае званне малодшага лейтэнанта. На жаль, пра жыццёвы шлях Фёдара Маруды захавалася не так і шмат звестак. Яго невялікая біяграфія надрукавана ў гісторыка-дакументальнай хроніцы “Памяць”. Адтуль можна даведацца, што перад пачаткам вайны Федар Яфімавіч быў жанаты.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Фёдар Маруда служыў на заходняй мяжы, у Луцку Валынскай вобласці, у званні камандзіра радыёўзвода 791-га стралковага палка 135-й стралковай дывізіі. Адчайна змагаўся камандзір са сваім узводам з гітлераўцамі пад Уладзімір-Валынскім, Луцкам і Роўна. Ішлі кровапралітныя баі, Чырвоная Армія цярпела паражэнне. 791-ы стралковы полк, несучы чалавечыя страты, адыходзіў на ўсход у Кіеўскім накірунку. У адным з баёў Фёдар Маруда, як і сотні тысяч іншых салдат і афіцэраў, трапляе ў нямецкі палон. Гісторыя захавала страшныя лічбы:за першую палову 1941 года ў нямецкім палоне апынулася 3 мільёны 900 тысяч воінаў і камандзіраў Чырвонай Арміі.
Канцэнтрацыйны лагер Хаммельбург
На жаль, ні ў кнізе “Памяць”, ні ў іншых крыніцах нічога не гаворыцца пра той час, калі Фёдар Яфіма-віч быў у фашысцкім палоне. Мажліва, і сам афіцэр асабліва нікому не расказваў пра той жудасны перыяд свайго жыцця. Але дзякуючы інтэрнэту, “пералапаціўшы” дзясяткі сайтаў і парталаў, я усё ж такі знайшла хоць і небагатыя, але цікавыя звесткі пра Фёдара Маруду. І дапамог мне ў гэтым абагульнены банк камп’ютарных дадзеных аб абаронцах Айчыны, што загінулі альбо прапалі без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ў пасляваенны час – “Мемарыял”.
У архіве засталася картка ваеннапалоннага Фёдара Яфімавіча Маруды, на якой захаваўся чорна-белы фотаздымак савецкага афіцэра. З нямецкай педантычнасцю ўказана дата нараджэння – 23 красавіка 1916 года. Месца і дата паланення – 21 жніўня 1941 года ля населенага пункта Корасцень, што на Украіне. Два гады Фёдар Яфімавіч правёў у канцэнтрацый-ным лагеры для палонных афіцэраў Чырвонай Арміі Хаммельбург, што знаходзіўся на поўначы Баварыі. З дакумента можна даведацца, што палонны лейтэнант значыўся пад нумарам 12559. Дарэчы, за гады Вялікай Айчыннай вайны праз гэты лагер прайшло 18 тысяч савецкіх афіцэраў. Сярод знакамітых вязняў былі генерал Д. Карбышаў, маёр П. Гаўрылаў, капітан І. Зучоў, які памёр у лагеры ад сухотаў у 1944 годзе. Вязнямі лагера былі 12 генералаў, пяцёра з якіх былі знішчаны гітлераўцамі, двое – загінулі ад раненняў.
Пасля дастаўкі ў Хаммельбург кожны афіцэр праходзіў спецыяльную рэгістрацыю. Кіраўніцтва лагера афармляла на вязняў асабістую картку з усімі дадзенымі. У картцы Фёдара Маруды пазначана, што сёмага сакавіка 1943 года ён уцёк.
Савецкі афіцэр Фёдар Маруда прайшоў сотні кіламетраў па варожай тэрыторыі, дзе на кожным кроку чакала смерць, пакуль нарэшце знясілены ад доўгай дарогі, ён не трапіў на Маларытчыну, у адзін з партызанскіх атрадаў. Да усіх незнаёмых, тым больш тых, хто ўцёк з палону альбо вырваўся з акружэння, адносіліся насцярожана. Вядома, ішла вайна, і дзе была гарантыя, што перад табой не нямецкі дыверсант.
“Камандаванне хутка ўпэўнілася, што Маруда – баявы афіцэр, адважны воін, яго прызначылі камандзірам групы разведчыкаў, потым ён узначаліў дыверсійную групу. Не адзін варожы эшалон пусцілі пад адхон, не адзін мост узарвалі падрыўнікі пад камандаваннем Фёдара Маруды. 20 кастрычніка 1943 года непадалёку ад станцыі Маларыта ім удалося знішчыць састаў з 12 вагонаў. Камсамольцы партызанскага атрада імя Жукава выбралі камандзіра дыверсійнай групы Фёдара Маруду сакратаром сваёй арганізацыі, потым ён быў абраны сакратаром Маларыцкага райкама ЛКСМБ”, — напісана ў кнізе “Памяць”. Напрыклад, у баявой характарыстыцы Фёдара Маруды, падпісанай начальнікам Беларускага штаба партызанскага руху ў маі 1944 года, пазначана: “З 16 жніўня па 1 снежня 1943 года з удзелам Фёдара Маруды пушчана пад адхон 18 варожых эшалонаў, знішчана 1245 гітлераўцаў, выключна каманднага саставу. Ім асабіста ўзарваны пасажырскі цягнік і забіта 700 гітлераўцаў-афіцэраў, узарвана два жалезабетонныя масты. Праведзена шмат іншых аперацый”.
Афіцэр, партызан, падрыўнік
Тое, што Фёдар Маруда быў бясстрашным і мужным воінам, які не баяўся ісці на самыя складаныя аперацыі, расказвае і жыхарка вёскі Дворышча Вольга Пятроўна Бабура. Бабулі Вользе – 86 гадоў, але яна цудоўна памятае, як у іх хаце неаднойчы са сваёй групай спыняўся перадыхнуць Фёдар Яфімавіч.— Для нашай сям’і Фёдар Маруда стаў самым блізкім і родным чалавекам, — прыгадвае Вольга Пятроўна. – Мой бацька Пётр Максімавіч Касцючык вельмі моцна пасябраваў з легендарным партызанам і заўсёды дапамагаў Фёдару Яфімавічу. Мы жылі ў Яблычным. У нашай хаце, якая стаяла на ўскрайку вёскі, не адзін раз пасля аперацыі адпачывалі партызаны. Фёдар Маруда вельмі чула і ласкава адносіўся да нас, дзяцей. З асаблівай пяшчотай ён ставіўся да малодшага Якава. Нібыта ўсё толькі ўчора адбылося. Добра памятаю, як ён падыходзіў да браціка, гладзіў яго па галоўцы і прыгаворваў: “Недзе і ў мяне такі сыночак падрастае. Нічога, хутка скончыцца вайна. Мы абавязкова пераможам. І вось тады, у мірны час, абавязкова будзем сябраваць сем’ямі. Вы да мяне ў госці будзеце прыязджаць, а я да вас, у Беларусь”. А потым, звяртаючыся да мяне, з непрыхаванай любоўю ў словах так казаў: “Праўда, мая маленькая партызаначка? Я ніколі не забуду, што
ты для мяне зрабіла, як дапамагала нам перамагчы
фашыстаў”. Я тады саромелася, таму што нічога такога гераічнага я не здзейсніла. Хіба што толькі мыла анучы для Фёдара Яфімавіча, калі ён вяртаўся з задання.
Аднойчы, гэта было ў пачатку ліпеня, у хату прыйшла страшная вестка: Фёдар Маруда загінуў. Бацька, наколькі быў моцным чалавекам, і то не вытрымаў страты блізкага сябра, заплакаў.
Неверагодна, прайшло амаль 75 гадоў, а ў памяці Вольгі Пятроўны вобраз мужнага партызана і разведчыка Фёдара Маруды добра захаваўся. Пра яго яна расказвала сваім дзецям і ўнукам, ставіла ў прыклад, як трэба любіць і абараняць сваю Радзіму.
Сям’я Фёдара Маруды доўгі час нічога не ведала пра яго лёс. І толькі праз 30 гадоў жонка легендарнага партызана атрымала ад юных следапытаў першую звестку пра свайго мужа. Фядосся Трафімаўна прыязджала на магілу Фёдара Маруды, з якім назаўсёды яе разлучыла Вялікая Айчынная вайна.
Р. S. Аўтар выказвае шчырую ўдзячнасць за дапамогу ў напісанні артыкула выкладчыкам Ланской сярэдняй школы і асабіста яе дырэктару Таццяне Васільеўне Касцючык.
Кацярына Яцушкевіч
Голас часу. 2019. 21 красавіка. С.4.