ВЕХИ ПАМЯТИ И СЛАВЫ:
Великая Отечественная война в истории Малоритчины
Деревня Зеленица
Крыж пры дарозе
Карыстаючыся магчымасцю, не магла не пацікавіцца ў мясцовых жанчын пра гісторыю крыжа, які стаіць пры дарозе за метраў 300-400 ад Зеляніцы. На першы погляд, звычайны драўляны крыж. Напэўна, калісьці такія ставілі на месцы трагічных здарэнняў ці аварый. Ды ўвагу прыцягвае выбіты на ім надпіс: “1941 год”.
— Пра гэты крыж мы ведаем толькі тое, што казалі нам некалі мясцовыя старажылы. Праўда тое ці выдумка, хто яго ведае. Нібыта здарылася гэта ў першыя дні вайны. Дарог раней не было добрых. Ды і Зеляніцы, як вёскі, яшчэ не існавала. Людзі жылі па хутарах. На Арэхава вяла грэбля. Кажуць, што, адыходзячы, чырвонаармейцы яе замініравалі. Тады фашысты прымусілі аднаго чалавека запрэгчы каня і бараной размініраваць шлях. Той няшчасны, вядома, загінуў, а на гэтым месцы праз нейкі час быў усталяваны крыж, — расказваюць жанчыны. – А хто там падарваўся на міне, нам невядома.
Кіраўнік спраў Арэхаўскага сельскага Савета Валерый Стралюк параіў нам звярнуцца да доўгажыхаркі Веры Мітрафанаўны Галянчук, якая жыве ў Арэхаве.
— Думаю, Вера Мітрафанаўна ўсё раскажа. Яна адна з нямногіх сведкаў зверстваў фашыстаў, якія лютавалі на нашых землях у гады акупацыі.
Едзем да Веры Галянчук, што жыве разам з дачкой на галоўнай вуліцы Арэхава. Бабуля была дома, якраз снедала.
— Напэўна, маеце на ўвазе тое месца, дзе падчас вайны падарваўся на міне мой дзядуля Цярэнцій Крэнь разам з сям’ёй сына, — удакладняе Вера Мітрафанаўна. – Толькі гэта здарылася незадоўга да вызвалення раёна ад немцаў, у 1944 годзе. Я тады была ўжо падлеткам, споўнілася мне адзінаццаць гадоў. Страшны час быў, жорсткі. Не давядзі Гасподзь, каб такое зло зноўку на зямлі калі-небудзь паўтарылася. Вёску нашу Арэхава немцы спалілі, частку жыхароў забілі. Наша сям’я знайшла часовы прытулак у родзічаў, што жылі ў Перавым. Ад маці я пачула, што дзядуля Цярэнцій з Олтуша загінуў. Здарылася гэта на грэблі, непадалёку ад Зеляніцы. Толькі цудам у жывых засталіся яго сын Дзмітрый (але ад выбуху ён назаўсёды аслеп), яго жонка і немаўлятка.
На тым месцы потым быў устаноўлены крыж. Дзеда пахавалі на могілках у Олтушы.
Кацярына Яцушкевіч.
Голас часу. 2019. 24 красавіка. С. 5.