top of page

Деревня Зеленица

Крыж  пры дарозе

Карыстаючыся магчы­масцю,  не магла не паці­кавіцца ў мясцовых жанчын пра гісторыю крыжа, які стаіць пры дарозе за метраў 300-400 ад Зеляніцы. На першы погляд,  звычайны драўляны крыж. Напэўна, калісьці такія ставілі на месцы тра­гічных здарэнняў ці аварый. Ды ўвагу прыцягвае выбіты на ім надпіс: “1941 год”. 

image002.jpg
image003.jpg

— Пра гэты крыж мы ве­­даем толькі тое, што казалі нам некалі мясцовыя старажылы. Праўда тое ці выдумка, хто яго ведае. Нібыта здарылася гэта ў першыя дні вайны. Дарог раней не было добрых. Ды і Зеляніцы, як вёскі, яшчэ не існавала. Людзі жылі па хутарах. На Арэхава вяла грэбля. Кажуць, што, адыходзячы, чырвонаармейцы яе замініравалі. Тады фашысты прымусілі аднаго чалавека запрэгчы каня і бараной размініраваць шлях. Той няшчасны, вядома, загінуў, а на гэтым месцы праз нейкі час быў усталяваны крыж, — расказваюць жанчыны. – А хто там падарваўся на міне,  нам невядома.

Кіраўнік спраў Арэ­хаўскага сельскага Савета Валерый Стралюк параіў нам звярнуцца да доўгажыхаркі Веры Мітрафанаўны Галянчук, якая жыве ў Арэхаве.

— Думаю,  Вера Міт­ра­фа­наўна ўсё раскажа. Яна адна з нямногіх сведкаў зверстваў фа­шыс­таў, якія лютавалі на нашых землях у гады акупацыі.

Едзем да Веры Галян­чук, што жыве разам з дач­кой на галоўнай вуліцы Арэхава. Бабуля была дома,  якраз снедала.

— Напэўна, маеце на ўвазе тое месца,   дзе падчас вайны падарваўся на міне мой дзядуля Цярэнцій Крэнь разам з сям’ёй сына, — удакладняе Вера Мітрафанаўна. – Толькі гэта здарылася незадоўга да вызвалення раёна ад немцаў, у 1944 годзе. Я тады была ўжо падлеткам, споўнілася мне адзі­наццаць гадоў. Страшны час быў,  жорст­кі. Не давядзі Гасподзь, каб такое зло зноўку на зямлі калі-не­будзь паў­тарылася. Вёску нашу Арэхава немцы спалілі, частку жыхароў забілі. Наша сям’я знайшла часовы прытулак у родзічаў, што жылі ў Перавым. Ад маці я пачула, што дзядуля Цярэнцій з Олтуша загінуў. Здарылася гэта на грэблі, непадалёку ад Зеляніцы. Толькі цудам у жывых засталіся яго сын Дзмітрый (але ад выбуху ён назаўсёды аслеп),  яго жонка і немаўлятка.

На тым месцы потым быў устаноўлены крыж. Дзеда пахавалі на могілках у Олтушы.

Кацярына Яцушкевіч.

Голас часу. 2019. 24 красавіка. С. 5.

bottom of page