top of page

Деревня Бродятин

22 чэрвеня фашысцкія салдаты ў 8 гадзін раніцы ўварваліся ў нашу вёску. У першыя месяцы вайны гітлераўцы адчувалі сябе адносна спакойна ў параўнанні з усходнімі раёнамі Беларусі. Але чым далей, тым гарачэй зямля гарэла пад нагамі ў акупантаў. У наваколлі дзейнічалі партызанскія атрады імя Чапаева, імя Варашылава, імя Сталіна, імя Валькова, імя Іваноўскага.

Важную ролю ў стварэнні партызанскага руху адыгралі ваеннаслужачыя Чырвонай Арміі, якія па розных прычынах аказаліся ў тыле ворага.

Яны з дапамогай мясцовых жыхароў збіралі патрыятычныя сілы, здабывалі зброю і стваралі групы і атрады. Месцы стаянак партызан: “Жданово”, “Подкороротное”, “Клён”, “Воля”. Асноўным атрадам у нашай зоне быў атрад ім. Варашылава. Аднымі з першых пайшлі ў партызаны Апановіч Фёдар, Лук’янчук Мікалай, Дзібук Ілья, Марашчук Міхаіл, Ляўчук Мікалай, Трацюк Васіль, Валашчук Макар, Дзібук Сямён,  Дзібук Федар,  Трацюк Вольга, Дзібук Вольга і іншыя. Партызаны вялі баі з немцамі на дарозе Брадзяцін – Гвозніца, Брадзяцін – Рагозна, у Арлянцы, дзе загінуў камбрыг Зяленін Леанід Пятровіч і 4 байцы яго брыгады. У кнізе С.Арзуманяна “Зямля пылала” расказваецца аб гэтым так:  “19 сентября 1943 года комбриг собрался побывать в отрядах им. Ворошилова и Жукова, которые дислоцировались в Домачевском и Малоритском районах. Зеленин и группа партизан удачно преодолели дальнюю дорогу из старосельского леса под Малориту. Побывав в обоих отрядах, обстоятельно ознакомился с обстановкой. Обратный путь Зеленина лежал через село Орлянка. Здесь партизаны всегда находили теплый прием у населения, отдыхали после боев и утомительных переходов. Решив немного отдохнуть, Зеленин со своими бойцами под вечер зашли в один крестьянский дом. Хозяйка гостеприимно приняла партизан, усадила за стол, как бы извиняясь за скромный ужин, сказала: “Не  гневайтэсь, дорожэнькіе, шчо маем, тое і вам даем”. Поев, партизаны поблагодарили женщину, встали из-за стола, а в это время в окна дома полоснула пулеметная очередь. Но пули никого не задели. Завязался бой. Дом был оцеплен плотным кольцом карателей. Погибли друзья, а Зеленин, раненный в плечо, продолжал косить наседавших карателей. Второе ранение оказалось смертельным для комбрига”. На месте гибели Зеленина установлен памятник.

 Былыя партызаны расказвалі, што яны ўдзельнічалі ў баі, калі быў разгромлены нямецкі гарнізон у Дамачаве, вялі рэйкавую вайну на чыгунцы Брэст - Ковель, Брэст - Варшава. Былі рэйды і ў іншыя месцы. Лепшы партызан-падрыўнік з Брадзяціна Дзібук Федар Лукашавіч, ён загінуў пры вызваленні Польшчы. Перад вызваленнем нашых мясцін ад фашысцкіх захопнікаў народныя мсціўцы ўдзельнічалі ў баях на тэрыторыі Польшчы, каля Кодні і Сезіц, сумесна з польскімі партызанамі. Яшчэ перад вызваленнем быў вялікі бой з часцямі нямецкай арміі каля вёскі Рагозна, дзе перамогу атрымалі партызаны.

Страшны дзень для жыхароў в. Брадзяцін быў у лістападзе 1942 года. Вёска была акружана, усюды стаялі нямецкія пасты. Фашысты занялі школу і загадалі “дзясятнікам” сабраць усіх жыхароў да школы. Але не ўсе людзі прыйшлі. Тады фашысцкія салдаты пачалі хадзіць па хатах і зганяць людзей сілай. Калі ўсіх сагналі, выстраілі іх ля школы і пачалі правяраць па спісе. А потым па іншым спісе пачалі выклікаць людзей і заганяць у хлеў,  астатніх адпусцілі па дамах. Людзі  ўжо здагадваліся ,што іх чакае, таму што гэта былі сем’і падпольшчыкаў, якія ў гады ўлады панскай Польшчы вялі партыйную прапаганду. У школе людзей распранулі і вывелі да ямы (немцы прымусілі саміх людзей выкапаць яму).  І здарылася самае страшнае – фашысты расстралялі не толькі саміх падпольшчыкаў, але і членаў іх сямей, жанчын і дзяцей. Яма была перапоўнена забітымі людзьмі. І калі яе засыпалі, кроў усё роўна прасочвалася, як бы хацела сказаць, тое, што зрабілі фашысцкія нелюдзі, нельга схаваць, закрыць, забыць. І людзі  не забываюць гэтага. Усяго за сувязь з партызанамі было расстраляна 48 чалавек. На гэтым месцы насыпаны Курган памяці.   

А 24 жніўня 1943 года была спалена ўся вёска. Ноччу ў вёску ўварваліся фашысты, пачуліся выстралы. Людзі выбеглі на вуліцу. У адным канцы гарэлі хаты і чуліся крыкі і стрэлы. Тыя, хто аказваў супраціўленне, былі расстраляны на месцы ці кінуты ў агонь. Над вёскай стаяў чорны дым. Хутка ўсю вёску ахапіў агонь. Людзі беглі хто куды. Многія паспелі дабегчы да лесу. На другі дзень, калі карнікі паехалі, людзі прыйшлі ў сяло і ўбачылі, што  са 120 хат засталіся толькі 2. Усё насельніцтва пайшло ў лес, там выкапалі зямлянкі і жылі ў іх цэлы год да прыходу Савецкай Арміі.

24 ліпеня 1944 года прыйшла доўгачаканая свабода. Партызанскія разведчыкі прынеслі радасную вестку, што нямецкіх салдат няма. Невымернай была радасць ад таго,  што можна свабодна хадзіць па сваёй зямлі і працаваць.

Усяго за гады вайны расстраляна фашыстамі і загінула пры вызваленні  краін Еўропы ад “карычневай чумы” 73 чалавекі з нашых мясцін. У гонар загінуўшых у 1978 годзе ў в. Брадзяцін устаноўлены  помнік, да якога 9 Мая і ў іншыя святы ўскладваюцца кветкі. Суседняя в. Арлянка таксама за гады вайны была амаль уся спалена. Тры разы рабіліся аблавы пасля бою партызан на чале з камбрыгам Зяленіным , тады немцы расстралялі многа людзей, а траіх мужчын Трацюка Несцера Міхайлавіча, Усцімовіча Івана Піліпавіча, Казакевіча Пятра Іванавіча спалілі жывымі. Перад самым вызваленнем ва ўрочышчы “Шырокае” 8 чалавек пайшлі ў лес па грыбы, і там іх фашысты злавілі, зачынілі ў будынку і спалілі, чацвёра з іх – дзеці. Такія зверствы выраблялі фашысцкія нелюдзі на нашай шматпакутнай зямлі.

З успамінаў мясцовых жыхароў

Запісала бібліятэкар  Сіпчук Антаніна Лук’янаўна

bottom of page