Малая родина!
У кожнага з нас ёсць маленькая радзіма…Той куточак, тая калыска, ад якой мы зрабілі свае першыя крокі, дзе пачулі першыя ў жыцці словы… І кожнаму з нас ужо з того часу, калі мы пачынаем сябе памятаць, уразаюцца глыбока ў сэрца, у душу тыя мясціны, дзе мы нарадзіліся, роднае наваколле, ласкавыя бярозкі, сакавітая траўка на замежку, на якой так прыемна паляжаць, што яна здаецца мякчэйшая за набітыя пухам пярыны; пырханне ластавак, што лятаюць перад дажджом над самою галавою (таго і глядзі – дакранешся рукою); родная хата, лавачка пад вінаградам; калодзеж, адкуль раніцаю так прыемна сталіці смагу сцюдзёнаю вадою, што аж ў зубах зашчыміць; сена ў пуні, пах якога разыходзіцца паўсюдна; той падворак, на якім усё такое роднае і дарагое, і калі доўга не прыязджаеш дадому, то сэрца ные-ные пры ўспамінах аб усім гэтым.
Родная старонка… Усяго толькі два словы, а колькі яны выклікаюць у нашым сэрцы і душы перажыванняў, хваляванняў, салодкіх непаўторных успамінаў пра той куточак, дзе мы правялі самую найлепшую пару свайго жыцця – маленства, дзе навучыліся спасцігаць сэнс жыцця, спазналі першыя радасці і няўдачы.
Малая радзіма… Невялікая вёсачка… Для чалавека, які тут нарадзіўся, гэта самае любімае месца на зямлі. Усе дарогі вядуць дадому. З усіх вандровак, далёкіх і блізкіх, мы спяшаемся туды, дзе і дрэва, і валун у полі, і гаючая крыніца, і стары крыж на раздарожжы – усё да болю знаёмае і дарагое сэрцу. Для мяне, карэнной мельнічанкі, самай яркай асацыяцыяй са словам “Радзіма” з’яўляецца мая любімая вёска Мельнікі (Маларыцкі раён, Брэсцкая вобласць).