top of page

ВЕДЬМИН ДУБ

Поўніцца дарапеевіцкая зямля дзіўнымі легендамі ды паданнямі. І незвычайны крыж тут расце, і дуб, што калісьці абцасікам туфліка зламала маладая вядзьмарка, гуляючы на вяселлі ў Малых Дарапеевічах, амаль у самым цэнтры вёскі стаіць. Шкада, што ў свой час не завітаў у гэтыя мясціны Мікалай Гогаль. Напэўна, тады, акрамя яго знакамітых  “Вечароў на хутары ля Дзіканькі” і містычнага “Вія”, з’явіўся б твор і пра незвычайную старажытную  вёску Дарапеевічы. Пачула гэту дзіўную легенду пра зламаны дуб ад мясцовага гісторыка і краязнаўцы Анатоля Дзямянкі, якому ў сярэдзіне мінулага стагоддзя яе расказала бабуля Мінадора Іванаўна Грабайла.

— Неяк кажа мне бабуля:  «Хадзем, унучак, я табе сапраўдны цуд пакажу», — гаворыць Анатоль Ігнатавіч. – Мне тады гадоў 10 было. Убачанае, разам з аповядам Мінадоры Іванаўны назаўсёды занатавалася ў маёй дзіцячай памяці.

Хочаце верце расказанай легендзе, а хочаце – не, але сапраўды ў вёсцы Малыя Дарапеевічы на адным з двароў стаіць не зусім звычайны дуб. Дрэва адразу кідаецца ў вочы сваім дзіўным выглядам. Па ўсім відаць, што ствол магутнага волата наўрад ці змогуць абхапіць нават шасцёра дарослых мужчын. Анатоль Ігнатавіч мяркуе, што дубу будзе больш за тры сотні гадоў. Верхавіна дрэва быццам бы кімсьці зрэзана, і ад гэтага дуб здаецца прыземістым, не зусім высокім.

Вось у гэтай хаце, ля якой і расце дуб, жыў мой аднакласнік Віктар Раманюк, — працягвае гаворку Анатоль Ігнатавіч. – Дык ён аднойчы прызнаўся мне, што амаль кожную раніцу,  на самым усхо­дзе сонца,  ля дуба было чуваць нечыя стогны. А можа, гэта нават і сам дуб стагнаў? Хто яго ведае…

Дарэчы, нашы продкі з асаблівай пашанай ставіліся да дубоў, на­дзялялі дрэвы жыва­т­вор­­най сілай і энергетыкай. А яшчэ ў славянскай міфалогіі дуб лічыўся сімвалам Сусвету, а таксама жыцця і смерці.

— Даўным-даўно жыў калісьці ў гэтых мясцінах вельмі прыгожы хлопец, — гаворыць Анатоль Дзямянка. – Але напаткала яго  бяда — закахалася ў прыгажуна ведзьма. Як яна толькі яго ні ўгаворвала, каб стаў яе мужам, але хлопец не пагаджаўся. Раззлавалася вядзьмарка і ператварыла хлопца ў дрэва, каб зусім нікому не дастаўся. А праз нейкі час выйшла замуж за другога чалавека. На сваім вяселлі ведзьма так весялілася, што не ўтрымалася і пайшла ў скокі над верхавінай таго дуба, у якога пера­тварыла свайго каханага.  Кажуць, так па-заліхвацку яна танцавала, што абцасам зачапілася за крону дрэва і зламала яе. З таго часу так і стаіць у вёсцы напалову зламаны дуб.Праўда, ёсць і яшчэ адно паданне. Па словах  Анатоля Ігнатавіча, у далёкія царскія часы служыў у войску малады рэкрут з вёскі Заор’е па прозвішчу Чаквін. Служыў далёка ад роднага дома, ажно ў Сібіры. Аднойчы, падчас паходу, спыніліся салдаты на прывал ля невялічкай вёсачкі. Чаквін зайшоў у старую хаціну, каб папрасіць у гаспадыні збаночак вады. Ледзьве пераступіў парог хаты салдат

і аслупянеў. перад ім стаяла незвычайнай прыгажосці дзяўчына.

— Чорныя выразныя вочы гаспадыні, здаецца, наскрозь пранізвалі постаць  салдата, — расказвае мясцовую легенду Анатоль Ігнатавіч. – Чаквін хацеў перахрысціцца, але іконы на сценах не знайшоў. Гаспадыня ветліва запрасіла служывага сесці за стол, напаіла сцюдзёнай вадой і пачала распытваць, адкуль ён будзе родам. Чаквін аб усім расказаў дзяўчыне і нават сумеўся, калі тая раптам прамовіла, што добра ведае тыя мясціны. “А ці бывалі вы ў вёсцы Застаў (так тады называліся Малыя Дарапеевічы) і ці стаіць там сярод вёскі паламаны дуб?» – спытала прыгажуня ў рэкрута. Салдат адказаў, што не даводзілася бачыць. “Я гуляла там калісьці на сваім вяселлі, — раптам дадала маладзіца. – Ды так развесялілася са сваімі сяброўкамі, што зачапілася абцасам туфліка за верхавіну дуба і знянацку зламала яе”.

У Чаквіна ад пачутага нават мову заняло. Стаіць салдат, са здзіўленнем глядзіць на жанчыну,  а тая так звонка засмяялася і раптоўна некуды знікла, быццам і не было яе зусім. Праз пэўны час адслужыўшы ў войску, вярнуўся Чаквін у родныя мясціны. Спецыяльна пайшоў у Застаў і пасярод вёскі ўбачыў вялізны дуб, а крона якога была сапраўды напалову зламаная.

Анатоль Ігнатавіч расказаў, што паглядзець на дзіўны дуб нядаўна прыязджалі нават фалькларысты з Масквы, цікавіліся мясцовымі звычкамі, запісвалі паданні.

                                                                                                                                                                                           Кацярына Яцушкевіч.

ведьминдуб2.jpg
bottom of page