top of page

ЛУКАВА (мясц. Лукэ), вёска, цэнтр Лукаўскага сельсавета, на заходнім беразе воз. Лукаўскае, за 21 км на паўночны ўсход ад Маларыты. У мінулым у складзе Ляхаўскага войтаўства ( XVI ст.), Рытскага войтаўства (XVII - XVIIIст.), Велікарыцкай воласці, Макранскай гміны.

Археалагічныя помнікі – сведкі жыцця і дзейнасці людзей у старажытнасці. У наваколлі вёскі на ўзбярэжжы возера Лукаўскае ёсць група першабытных стаянак.

222.jpg

Стаянка 1.

За паўднёвай ўскраінай вёскі, на невысокіх пагорках каля воз. Лукаўскае, выяўлены рэшткі позненеалітнага помніка. Культурны пласт значна парушаны, ён цягнецца ўздоўж берага на 100 м перад балотам з канавамі. Крамяні са слядамі апрацоўкі, дробныя абломкі неалетычнага посуду адносяцца да 3 тысячагоддзя да н.э. Помнік выяўлены У.Ф. Ісаенкам і даследаваны ў 1964 г. Месца было занятае пад селішча ў раннім жалезным веку, але, магчыма, тут працягвалася жыццё і ў VIII – Х ст.

111.jpg

Стаянка 2.

На поўнач ад вёскі за 2,5 – 3 км, на супрацьлеглым, паўночным беразе воз. Лукаўскага. На паверхні марэннага бугра ў наваколлі трыянгуляцыйнага знака ў прамоінах і раздувах трапляюцца крамяні з апрацоўкай: нуклеусы, адшчэпы, пласціны часоў мезаліту і неаліту (7 – 4 тысячагоддзі да н.э.). Помнік выяўлены і даследаваны У.Ф. Ісаенкам у 1964 г.

Стаянка 3.

На поўнач ад вёскі за 1,5 км, на заходнім беразе возера, у прамоінах на паверхні прыазёрнай тэрасы, трапляюцца гнёздамі крамяні з прыкметамі апрацоўкі і закончаныя прылады працы – рэшткі мезалітычнага або неалітычнага помніка.

Помнік 4.

На заходнім беразе возера некалі быў вялікі камень-валун з адбіткам быццам чалавечай ступені – “следавік”. Тут, у каплічцы на востраве, маліліся людзі, прыносілі ахвяры. А можа, у капліцы некалі дзяўчаты падтрымлівалі нязгасны агонь.

На мысе, дзе размешчаны могілкі, бачны насып – рэшткі старажытнай царквы. Возера мае карставае паходжанне, глыбіня тут рэзка павялічваецца да 11,5 м, пры сярэдняй глыбіні 4,3 м.

У 1566 г. у Лукаве налічвалася 23 двары, 53 сям’і. У акце замены фальваркаў і ў яго пацвярджэнні Лукава згадваецца ў 1564 і 1589 гг.

21 лістапада 1657 г. каралеўскі камісар Андрэй Катовіч выдаў Лукаўскай царкве ліст на дзве ўвалокі зямлі – Лабачэўскую і Хамічаўскую, на чыншавай плаце па 10 злотых на кожную.

3 ліпеня 1659 г. кароль Ян-Казімір даў прывілей, які пацвярджае гэты ліст.

Ёсць звесткі пра Лукава ў рэвізіі Берасцейскага павета ад 1668 г., 17 красавіка 1717 г. – пастанова “мужоў” усёй грамады сяла Лукава, каб да дзвюх царкоўных увалок, Кацаўскай і Грызаўскай, дадзеных з дазволу каралеўскага Рудскага двара ўзамен за папярэднія дзве царкоўныя ўвалокі, Бульдоўскую і Таратанаўскую, далучыць да царкоўнага пляцу, які называецца “поле Востроў”, на якім стаяла царква, і не забіраць яго ад яе пад зарукай 100 кап.

Іншыя звесткі пра Лукава, у тым ліку пра царкву, у помніках часоў Рэчы Паспалітай: 1668 г. (рэвізія), 1724, 1742, 1786 гг. (інвентары), 1791 г. (рэестр “хлопаў”), 1792 г. (апісанне “грунтаў”).

У 1860-я гады ў Лукаве было 336 рэвізскіх душ (156 мужчын, 180 жанчын), у тым ліку сельская грамада Лукаўская (раней 4-я Пажэжынская) – 47 (24 мужчыны, 23 жанчыны), дзяржаўныя сяляне; грамада Чарнянская – 289 (132 мужчыны, 157 жанчын) адносілася да маёнтка Руда, уладанне памешчыка Ягміна; царква, вучылішча.

У 1874 г. адкрыта земскае народнае вучылішча. У 1886 г. 26 двароў, 394 жыхары, вучылішча, царква, карчма. У 1886 г. у вучылішчы навучалася 25 вучняў, з іх 3 дзяўчынкі. Настаўніцай працавала Алёна Савіцкая.

У 1905 г. у сяле Лукава налічвалася 759 жыхароў, у сядзібе 3 жыхары, ва ўрочышчы з той жа назвай 21 жыхар.

У 1921 г. 93 двары, 489 жыхароў, з іх 453 праваслаўныя, 1 католік, 35 іўдзеяў.

Свята-Багародзіцкая царква адбудавана ў 1992 г., цагляная.

Ёсць сярэдняя школа (128 вучняў), дзіцячы сад, сельскі дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, ашчадная каса, урачэбная амбулаторыя, кафэ, магазін, паляўнічая гаспадарка.

(Памяць : Гіст.-дакум. хроніка Маларыц. р-на/

 Рэд.-укл. В.Р. Феранц. – Мн. : Ураджай, 1998.  – С. 520-521)

У 1998 г. - 291 двор, 739 жыхароў.

У 2010 Г.- 272 двары, 702 жыхара.

У 2014 г. – 271 двор, 691 жыхар, з іх: мужчыны – 361, жанчыны – 330. Дзеці да 15 гадоў – 134, пенсіянераў – 148.            

У 2021г - 265 двор, 644 жыхар, дзеці да 15 гадоў – 110, пенсіянераў – 137.

bottom of page